Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскі ліст біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікую пятніцу 2015 г.
Іерархі
03.04.2015 09:03

“Crux stat sed volvitur orbis”. “Крыж стаіць, а свет змяняецца”. Менавіта гэтая праўда знаходзіцца ў цэнтры сённяшняй Літургіі. Адарацыя крыжа – гэта праслаўленне і падзяка Богу за тое, што з’яўляецца пастаянным і нязменным у свеце, дзе так шмат непастаянства і няпэўнасці. Але крыж без Таго, хто надаў яму новы сэнс і новае значэнне, нічога не кажа сам па сабе. Да Хрыста крыж быў толькі шыбеніцай для злачынцаў.

Дзякуючы Езусу ён стаў сімвалам жыццядайнай любові. Гэта сімвал перамогі дабра над злом, жыцця над смерцю, цывілізацыі любові над цывілізацыяй нянавісці. Хрыстовы крыж стаіць у цэнтры сучаснага свету. Адам Міцкевіч у “Меркаваннях і заўвагах” пісаў: “Крыж, узняты на Галгоце, не збавіць таго, хто не ўзнясе крыжа ў сваім сэрцы”.

“Калі  хто  хоча  пайсці  за  Мною,  няхай адрачэцца  ад  сябе,  возьме  крыж  свой  і  ідзе  за  Мною” (Мц 16, 24). Кожны з нас мае свой крыж. Не існуе жыцця без цярпення і без крыжа. Але што значыць узяць свой крыж? Гэта значыць адшукаць яго сэнс у крыжы Хрыста, уключыць яго ў таямніцу крыжа Збаўцы.

Задумаемся сёння, наколькі часта мы становімся на калені перад Хрыстовым крыжам і давяраем Таму, хто на ім вісіць нашы клопаты і боль. Ці мы просім аб тым, каб нам стала лягчэй? Міласэрны Бог схіляецца над нашай нядоляй, дапамагае нам перамагчы выпрабаванні.

Ці мы ўсведамляем, што звяртаемся да Таго, хто памірае ў гэты момант на крыжы? Дзеля нас і за нас. Ці ўсведамляем, што Ён у гэты момант дае нам усё, паказваючы бязмежнасць сваёй любові? Разуменне таго, што ёсць Божая Міласэрнасць, дадае нам адвагі, каб прасіць. Але, просячы, будзем памятаць, аб чым і Каго просім.

Кожнаму з нас трэба знайсці сэнс свайго крыжа. Засяродзімся над словамі велікапоснай песні, якая распавядае пра таямніцу крыжа:

Езу, Ты бачыш, крыж Твой не мінаю,
Езу, Ты бачыш, крыжа не баюся.
З болем на крыж Твой цяжкі пазіраю,
да трона Бога на зямлі імкнуся.
На крыж кладу я ўсе мае жаданні,
тут прыбіваю грэшных думак мроі,
сэнс свой шукаю я ва ўкрыжаванні,
дзе з-пад кароны кроў цячэ на скроні.
Стаўшы пад крыжам, стомлены сабою,
прагну я ў сэрцы несці крыж заўсёды,
каб не глуміўся вораг нада мною,
каб крочыць шляхам праўды і свабоды.


Быць можа, мы ведаем гэту песню, і быць можа, яе словы нас асабліва не ўзрушваюць. Аднак цікавым з’яўляецца лёс аўтара песні – Караля Балоза Антаневіча. Да 1837 года ён быў мужам і бацькам пяцярых дзяцей, галавой шчаслівай сям’і. У тым годзе здарылася эпідэмія халеры. Памерла яго жонка, а затым і ўсе дзеці. Перад абліччам трагедыі Караль знайшоў сэнс свайго жыцця, стаўшы тым, хто спявае пра крыж Хрыста. Ён уступіў у Ордэн езуітаў і служыў як місіянер у асяроддзі простага народу. Другая знакамітая песня – “У крыжы цярпенне” – таксама з’яўляецца яго творам.

Караль Балоз Антаневіч памёр, пражыўшы толькі 45 гадоў. Сведчанне яго жыцця нам дапамогуць лепш зразумець словы святога Яна Марыі Віянэя: “Як добра паміраць, калі жыццё прайшло на крыжы”. І менавіта гэта з’яўляецца заклікам таямніцы Вялікай пятніцы – знайсці сэнс свайго крыжа і змясціць яго ў крыжы Хрыста. Гэта збаўчая перспектыва для нас і для церпячага свету. “Кланяемся, Валадару, Твайму крыжу і праслаўляем Тваё Святое Уваскрасенне!”

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 3 сакавіка 2015 г.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію