Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў тысячы матацыклаў у польскай Чэнстахове
Іерархі
20.04.2015 12:34

19 красавіка матацыклісты з усёй Польшчы і з-за мяжы ў рамках ХІІ Злёту матацыклістаў імя кс. Улана Здзіслава Пяшкоўскага маліліся на Яснай Гары аб бяспечнай яздзе і патрэбных ласках перад распачаццем сезону. Было асвечана больш за 30 тысяч матацыклаў.

 Як кажуць самі матацыклісты, па традыцыі перад пачаткам сезону яны здзяйсняюць пілігрымку да Маці Божай Чэнстахоўскай, прыбываючы туды з інтэнцыямі, каб прасіць аб Божым благаслаўленні, маліцца за ўсіх, хто падарожнічае па зямных шляхах, і ўзгадаць у малітве тых, хто ўжо падарожнічае па шляхах вечнасці. Усіх удзельнікаў злучае любоў да матацыклаў і вера ў Бога, без якога яны не бачаць магчымасці свайго існавання і сэнсу жыцця.

Цэнтральным пунктам сустрэчы стала святая Імша на палявым алтары, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Беларускі іерарх быў запрошаны на гэтыя ўрачыстасці невыпадкова: як ён сам адзначыў, ён ужо не ўпершыню сустракаецца з некаторымі іх удзельнікамі. Раней гэта мела месца ў Маскве падчас служэння арцыбіскупа ў Расіі, таксама ў Беларусі – у Будславе. Іерарх меў магчымасць сустракацца з імі і ў Шчэціньскай дыяцэзіі (Польшча).

У гаміліі Мітрапаліт падкрэсліў значэнне ў жыцці хрысціяніна святой Імшы, якая развівае і ўмацоўвае ў чалавеку веру. “Калі мы не можам распазнаць Хрыста ў нашым жыцці, то паспяшаемся на Эўхарыстыю, і Ён нам аб’явіцца, – адзначыў арцыпастыр. – Гісторыя хрысціянства ведае шмат прыкладаў, калі нават няверуючыя дзякуючы Эўхарыстыі кардынальна змянялі сваё жыццё і станавіліся глыбока веруючымі”. “Эўхарыстыя вядзе да ўмацавання нашай веры”, – дадаў іерарх.

Арцыпастыр высока ацаніў тое, што новы сезон матацыклісты — удзельнікі гэтых урачыстасцяў — распачынаюць менавіта Эўхарыстыяй, “каб з умацаванай верай вырушыць на новыя дарогі”.

Іерарх узгадаў таксама пра патрэбу новай евангелізацыі, або адкрыцця нанова паслання Евангелля, якое вядзе чалавека да асабістай сустрэчы з Хрыстом. Мітрапаліт заахвоціў матацыклістаў даваць сведчанне праз сваю любоў да матацыклаў.

“Касцёл шукае новых шляхоў перадачы Добрай Навіны людзям згодна з патрабаваннямі часу. Трэба шырэй выкарыстоўваць традыцыйныя і новыя метады евангелізацыі; медыя, якія сталі новым арэапагам сучаснага свету; навуку, культуру і мастацтва; пілігрымкі, – адзначыў арцыбіскуп. – Сярод гэтых шляхоў важнае месца належыць вам, матацыклісты. Людзі здзіўляюцца вашаму ўменню кіраваць матацыклам, імкненню да пераадолення розных цяжкасцяў, і гэта праўда”.

Арцыпастыр назваў малітву матацыклістаў у яснагорскім санктуарыі сведчаннем, якое патрэбна сучаснаму свету, асабліва моладзі, якая шукае свайго шляху да Бога.

На заканчэнне гаміліі іерарх даручыў матацыклістаў і ўсіх падарожнікаў Маці Божай Чэнстахоўскай, якая, па словах Мітрапаліта, добра ведае цяжар пілігрымавання.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Пасля Імшы Мітрапаліт быў перавезены праз плошчу на матацыкле і асвяціў усе матацыклы.

Як і штогод, матацыклісты прывезлі з сабой мяккія цацкі для дзяцей-сірот.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію