Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачысты прыём з удзелам прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса з нагоды завяршэння арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці місіі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі прайшоў у Мінску (абноўлена)
7 снежня ў Мінску адбыўся ўрачысты прыём з нагоды завяршэння арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці сваёй місіі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі. Прыём быў арганізаваны Апостальскай Нунцыятурай у Рэспубліцы Беларусь.
Папа Францішак прызначыў арцыбіскупа Апостальскім Нунцыем ва Украіне.
На прыёме прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, дыпламатычных місій, Каталіцкага Касцёла, які прадставіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Беларускай Праваслаўнай Царквы, якую прадставіў епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім.
У прамове да прысутных арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзгадаў, што 29 чэрвеня 2012 г., упершыню звяртаючыся да прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу ў Беларусі, цытаваў верш паэткі Валерыі Куставай:
Ля апошняй кветкі лётаў трапяткі матылёк, Ён нават не спрабаваў сесці на яе: Пэўна, баяўся зламаць кволую сцябліну. Раптам неба ўздыхнула — і пайшоў дождж. Адна буйная кропля збіла знясіленага матылька...
«Праз тры з паловай гады, калі я завяршаю маю місію Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь, мой сардэчны ўспамін пераносіць мяне ў атмасферу тых дзён. Гэта быў час глыбокага непаразумення і ізаляцыі паміж краінамі Захаду і Беларуссю. Я быў скіраваны сюды Святым Пасадам дзеля таго, каб дапамагчы матыльку не знясіліцца, нягледзячы на кроплі дажджу.
Сёння я магу сказаць, што гэты матылёк, у вобразе якога я бачу беларускі народ, адчувае сябе мацнейшым. Праблемы ўсё яшчэ застаюцца, але змянілася атмасфера», — заўважыў іерарх.
Па словах арцыбіскупа, «вядзецца канструктыўная размова, часам нават дыялог», «прынцыпы застаюцца важнымі, але мы можам абмяркоўваць іх ажыццяўленне на практыцы».
«Гэта было дасягнута нашымі сумеснымі намаганнямі, шаноўныя прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных уладаў і дарагія мае калегі дыпламаты, а таксама дзякуючы намаганням многіх іншых людзей добрай волі з усяго свету, у тым ліку і вернікаў, якія за гэта маліліся», — дадаў арцыбіскуп.
«Матылёк зазвычай выглядае вельмі прыгожа. Але ж наш матылёк прызвычаіўся да таго, што вельмі мала хто (калі такі чалавек наогул знаходзіўся) паглядаў на яго з любоўю. Бясконцы дождж стварыў для яго вялікую небяспеку. Часта кроплі збівалі яго амаль да смерці», — сказаў іерарх і працытаваў верш яшчэ адной беларускай паэткі Валянціны Аксак:
Саджу рэмантантныя ружы, але ніхто не прыходзіць дзівіцца на іх нетутэйшую гожасць.
Шыю фасоніста сукню, але ніхто не прыходзіць дзівіцца на маю стрункастаннасць у ёй.
Пяку задушэўныя дранікі, але ніхто не прыходзіць дзівіцца на гасціннасць маю невымоўную.
Мама — з Дзядамі
«Мне здаецца, цяжка больш трапна выказаць самаўспрыманне беларусаў. І дзякуй за гэтыя сумесныя намаганні. Хтосьці яшчэ прыйдзе, каб пакаштаваць дранікаў», — адзначыў таксама арцыбіскуп.
Як дадаў іерарх, «гэта і ёсць сціплы ўнёсак дыпламатыі», «і мы ганарымся, калі ён можа быць апеты паэтамі, а не толькі змешчаны на банкаўскім рахунку».
«Давайце ж будзем працаваць так, каб зноў не апынуцца ў цемры. Давайце зробім гэта дзеля матылька і дзеля смаку дранікаў, якімі нас так гасцінна пачаставалі», — заклікаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і падзякаваў за прыязнасць і працу.
Таксама з прамовай выступіла намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь спадарыня Алена Купчына. «Мне хацелася б аддаць належнае Вашай дзейнасці ў рэлігійнай сферы, а менавіта адзначыць Ваш унёсак у развіццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які дзякуючы Вам стаў больш адпавядаць чаканням беларускага народа, найглыбейшым пачуццям і імкненням беларускіх католікаў, якія, я ўпэўнена, ніколі пра гэта не забудуццца і якія заўсёды будуць ганарыцца тым вялікім сяброўствам, якога Вы дасягнулі з каталіцкай супольнасцю Беларусі, еўрапейскай нацыі, члена вялікай еўрапейскай сям’і», — між іншым адзначыла Алена Купчына.