Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб удзеле моладзі Гродзенскай дыяцэзіі ў ХХХІ Сусветных днях моладзі ў Кракаве |
Іерархі |
19.02.2016 10:46 |
Дарагая моладзь! Папа Рымскі Францішак у гаміліі на закрыццё Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра ў 2013 годзе звярнуўся да моладзi: «Дарагая моладзь, мы дамовіліся на сустрэчу на наступныя Сусветныя дні моладзі ў 2016 годзе ў Кракаве, у Польшчы!» У штогадовым пасланні да моладзі на 2016 г. Святы Айцец напісаў да вас: «Засталося некалькі месяцаў да нашай сустрэчы ў Польшчы. Кракаў, горад св. Яна Паўла ІІ і св. Фаўстыны Кавальскай, чакае нас з распасцёртымі абдымкамі і адкрытым сэрцам». Заклікаю вас, паважаныя пастыры, шаноўныя манахіні і дарагая моладзь, адгукнуцца на гэта запрашэнне Папы Францішка і прыняць удзел у ліпені 2016 года ў сустрэчы ў Кракаве. Калі ласка, вельмі прашу душпастыраў заахвоціць моладзь і пасадзейнічаць ёй, каб магла знайсці неабходныя сродкі на ўдзел у гэтай сустрэчы. У адну з нядзель або на працягу некалькіх нядзель пасля ўзгаднення з парафіяльнымі душпастырамі дазваляю, каб моладзь ў парафіях нашай дыяцэзіі арганізавала збор фінансавых сродкаў на ўдзел у Сусветных днях моладзі ў Кракаве. Калі ласка, прашу ўключыцца ў гэтую справу асабліва маладых людзей. Зрабіце ўласны ўклад у падрыхтоўку і паездку на Сусветныя дні моладзі ў Кракаве. Запрасіце вашых аднагодкаў да ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве, падчас якога на сустрэчы з Папам збярэцца моладзь з усяго свету. Спадзяюся, што многія з вас знойдуць магчымасць паехаць і прыняць удзел у ліпені ў Сусветных днях моладзі ў Кракаве. На плённую падрыхтоўку ад усяго сэрца благаслаўляю Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі Калі ласка, прашу парафіяльных святароў прачытаць гэта паведамленне ў бліжэйшую нядзелю падчас парафіяльных аб'яў. Прашу таксама падаць моладзі інфармацыю пра ўмовы ўдзелу ў Сусветных днях моладзі ў Кракаве. |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.