Велікапосныя рэкалекцыі ў гродзенскай катэдры правёў біскуп Юрый Касабуцкі |
Іерархі
|
23.03.2016 21:15 |
21-23 сакавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прайшлі велікапосныя рэкалекцыі. Сёлета іх праводзіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
У рэкалекцыях прынялі ўдзел вельмі шмат вернікаў катэдральнай парафіі і жыхары горада Гродна.
У Юбілейны Год Міласэрнасці біскуп Юрый Касабуцкі ў рэкалекцыйных навуках імкнуўся нагадаць праўду аб Богу, багатым міласэрнасцю і ласкай. Іерарх заахвоціў прысутных разумець Бога як Міласэрнага Айца, які заўсёды чакае чалавека і не жадае смерці грэшніка, але хоча, каб ён навярнуўся і меў жыццё.
Рэкалекцыяніст нагадаў, што Пан жадае ад чалавека толькі аднаго: быць верным Божым запаведзям, і гэта адзіны шлях да шчасця.
Падчас рэкалекцый біскуп прамовіў спецыяльную навуку для моладзі, для жанчын і для мужчын. Вернікі мелі магчымасць задаць рэкалекцыяністу пытанні.
Велікапосныя рэкалекцыі рыхтавалі людзей да Пасхальнага Трыдууму і да таго, каб у велікодны ранак з чыстым сэрцам праспяваць “Аллелюя!”. Кс. Юрый Марціновіч, фота кс. Валерыя Спірыдона
|