Беларускія іерархі прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях юбілею семінарыі ў Каўнасе |
Іерархі
|
25.04.2016 16:13 |
23 красавiка Вышэйшая духоўная семiнарыя ў Каўнасе (Літва) адзначыла юбiлей 150-годдзя. У юбілейных урачыстасцях прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, якія з’яўляюцца выпускнікамі гэтай семінарыі.
Iмша падзякi адбылася ў касцёле св. Юрыя, якi знаходзiцца побач з семiнарыяй i ў якiм сёння працуюць айцы бернардынцы. Менавiта ў гэтым касцёле 150 гадоў таму адбылося адкрыццё каўнаскай семiнарыi. У савецкiя часы ў iм знаходзiўся склад медыцынскай апаратуры. Зараз адбываецца рамонт касцёла.
150 гадоў таму ўказам цара была закрыта духоўная семiнарыя ў г. Варняй на Жмудзі, таму яна была перанесена ў Каўнас. Святую Iмшу ўзначалiў Мiтрапалiт Каўнаскі арцыбіскуп Лёнгiнас Вiрбалас. Канцэлебравалi Эўхарыстыю 12 бiскупаў, у тым ліку Апостальскi Нунцый у Лiтве арцыбіскуп Пэдро Лопес Кiнтана, Апостальскi адмiнiстратар з Эстонii біскуп Філіп Джордан, а таксама выпускнiкi семiнарыi Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Кашкевiч i ардынарый дыяцэзii ў Навасiбiрску біскуп Юзаф Верт.
У гамiлii арцыбіскуп Лёнгінас Вiрбалас, выказваючы радасць з нагоды юбiлею, падкрэслiў неўміручае значэнне семiнарыi ў фармацыi новых святароў, якiя павiнны быць здольнымi адказваць на выклiкi сучаснасцi.
Пасля Iмшы свае пажаданнi выказалі Апостальскi Нунцый у Літве, праваслаўны архіепіскап Вільнюскі і Літоўскі Iнакенцiй i прадстаўнiк епіскапа Евангелічнай Лютэранскай Царквы Лiтвы.
Потым у актавай зале семiнарыi адбыўся адмысловы канцэрт семiнарыстаў, якiя прадставiлi складаную гiсторыю гэтай навучальнай установы. Са сваiмi віншаваннямi выступiла старшыня Сейма Літоўскай Рэспублікі Ларэта Граўжынене. Віншаваннi даслалi Прэзідэнт i Прэм’ер-міністр Лiтвы. Таксама з вiншаваннямi выступiлi мэр Каўнаса i рэктар Каўнаскага ўнiверсітэта.
Для беларускiх iерархаў юбiлей стаў добрай нагодай сустрэць сваiх аднакурснiкаў i сяброў – святароў i бiскупаў, а таксама падзякаваць Богу за магчымасць атрымаць святарскую фармацыю ў цяжкiя часы ганенняў на Касцёл, калi ў Беларусi не было сваёй семiнарыi. (DN), (AG)
|
Фотарэпартаж |