Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у святкаваннях 25-годдзя адраджэння структур Каталiцкага Касцёла ў Калiнiнградскай вобласці |
Іерархі |
25.04.2016 10:24 |
24 красавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у святкаванні 25-годдзя адраджэння структур Каталiцкага Касцёла ў Калiнiнградскай вобласці (Расія). Сённяшні Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі быў першым біскупам на гэтых землях пасля доўгага перыяду ганенняў. Святая Імша адбылася ў касцёле св. Адальберта ў Калінінградзе. На ўрачыстасцях сабралася вельмі вялікая колькасць вернікаў, у тым ліку вялікія дэлегацыі з Польшчы і Германіі (дыяцэзія Фульда).
«Сёння мы дзякуем Богу за мучаніка гэтай зямлі св. Войцеха-Адальберта, які першым прынёс сюды Добрую Вестку. Мы ўдзячныя многім вядомым і невядомым мучанікам гэтай зямлі, якія акрапілі яе сваёй крывёю на працягу ўсёй яе славутай і трагічнай гісторыі», — дадаў арцыпастыр.
«Чуў я і аб тым, што тут разбураліся помнікі архітэктуры, у тым ліку і сакральныя. Чуў, што быў разбураны знакаміты Кёнігсбергскі замак. Усё гэта казала пра тое, што гэтая зямля стала палігонам атэізму, які паставіў сабе задачу агнём бязвер’я выпаліць веру і ператварыць яе ў духоўную пустыню», — адзначыў Мітрапаліт.
«Касцёл Калініграда! Ты прайшоў вялікі і складаны шлях адраджэння і станаўлення і сёння пачынаеш пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Заставайся і далей адкрытым на дзеянне Святога Духа, будзь верным сваёй багатай спадчыне і місіі абвяшчэння Евангелля, вядзі людзей да брамаў Божай міласэрнасці», — заклікаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх заахвоціў Касцёл у Калініградзе «смела ісці ў новы час з новай надзеяй і заўсёды быць сакрамэнтам усеагульнага збаўлення». |
Фотарэпартаж |