Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч выказаў спачуванні з прычыны смерці ардынарыя Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі (Украіна) арцыбіскупа Пятра Мальчука. Іерарх адышоў у вечнасць у Гродне, дзе прымаў удзел у Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе.
У сваім лісце да Мітрапаліта Львоўскага арцыбіскупа Мечыслава Макшыцкага, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ва Украіне, біскуп Аляксандр Кашкевіч піша: «Ад уласнага імя, ад імя дапаможнага біскупа Юзафа Станеўскага, духавенства, кансэкраваных асобаў і вернага люду Гродзенскай дыяцэзіі складаю Вашай Эксцэленцыі выразы найглыбейшага і сардэчнага спачування з прычыны адыходу ў вечнасць Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Пятра Мальчука OFM, ардынарыя Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі».
«Да Бога, Айца Міласэрнасці, які ў сваім неспасцігальным Провідзе пастанавіў забраць да сябе такога руплівага, поўнага самапрысвячэння, дабрыні і айцоўскага клопату аб сваім статку пастыра, з пагружанымі ў смутак і напоўненымі болем сэрцамі ўзносім поўныя веры малітвы, каб апостальская праца арцыбіскупа і ўсялякае дабро, якое ён здзейсніў тут, на зямлі, узнагародзіў радасцю жыцця вечнага», — дадае гродзенскі ардынарый.
«Злучаемся ў жалобе з сям’ёй спачылага арцыбіскупа, з духавенствам і верным людам асірацелай Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі, а таксама з усім Касцёлам ва Украіне, просячы Пана праз заступніцтва Маці Балеснай аб супакаенні болю расстання надзеяй, якая паходзіць з Пасхальнай Таямніцы нашага Збаўцы», — піша біскуп Аляксандр Кашкевіч.
|