15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў санктуарыі Маці Божай у Святой Ліпцы (Польшча).
У гаміліі беларускі іерарх падзякаваў за запрашэнне ў гэты санктуарый, «аб якім шмат чуў, але дзе ніколі не быў». «Для мяне гэта будзе таксама добры душпастырскі вопыт, які я пастараюся выкарыстаць на Усходзе, асабліва ў санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, які часта называюць беларускай Чэнстаховай», — сказаў арцыбіскуп.
Кажучы пра ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт адзначыў: «Езус Хрыстус збавіў усяго чалавека з душой і целам. Таму ўвесь чалавек прызначаны да нябеснай хвалы, якую першай з людзей спазнала Марыя».
«За свае заслугі ў справе збаўлення чалавецтва Марыя з целам і душой была ўзята на неба. Гэты гонар Яна атрымала як найчысцейшая Дзева, з цела якой Сын Божы ўзяў сваё цела. Яно стала першым табэрнакулюмам, і Езус Хрыстус не мог дазволіць, каб яно разлажылася і чакала ажно да апошняга дня», — дадаў іерарх.
Па словах Мітрапаліта, «у вернасці, даверы Богу і пакоры Марыя пайшла слядамі свайго Сына», і «мы можам найлепей уганараваць Яе, наследуючы Яе прыклад веры, даверу і пакоры». «Сілы да гэтага дае нам Яе Сын, найперш у Эўхарыстыі», — нагадаў арцыпастыр.
«Мы ўсе адказныя за наш лёс, лёс грамадства і свету, — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Касцёл сёння ўказвае на Марыю. Яе згода з Божай воляй распачала рэалізацыю Божага плану збаўлення. Яе “Fiat” — ключ да разумення гісторыі адкуплення. Мы павінны браць з Яе прыклад, бо згода з Божай воляй — гэта таксама ключ да будавання шчаслівага жыцця на зямлі і гарантыя шчасця ў вечнасці».
Іерарх нагадаў, што святы Ян Павел ІІ у 1993 г. падчас сустрэчы з моладдзю ў Літве «перасцерагаў перад згубнымі наступствамі амаральнага выкарыстання свабоды, падкрэсліваючы, што яно вядзе да анархіі», «а таксама казаў, што дэмакратыя без захавання Божага права перараджаецца ў таталітарызм».
«Сучасны свет усё часцей адчувае негатыўныя ўплывы агрэсіўнага лібералізму. Перад абліччам гэтага выкліку мы павінны бараніць свае правы, бо ў многіх краінах Еўропы сёння забараняюцца нават хрысціянскія сімвалы, — сказаў Мітрапаліт. — А ў той жа час Еўропа вырасла з хрысціянства і еўрапейская цывілізацыя прасякнута хрысціянскімі каштоўнасцямі. Сёння Стары Кантынент у імя фальшыва зразуметай свабоды, якая часта разумеецца як свабода ад Божага і натуральнага закону, выракаецца сваіх хрысціянскіх каранёў. Гэта трагедыя, якую мы сёння перажываем».
«Дзе шукаць паратунку? Хто верне надзею нават насуперак надзеі? Наш позірк сёння скіраваны да Марыі. Яна ў далёкім 1917 г. у Фаціме дала надзею на свабоду веравызнання, і мы яе атрымалі. Гэта вялікі дар, але і заданне, рэалізаваць якое ў нашы часы становіцца ўсё больш цяжка. Марыя ў Фаціме казала: “Калі навернецеся і будзеце маліцца, то ўсё будзе добра. Калі не, то вас чакаюць вялікія цяжкасці”. І так сталася. Гэтыя словы Марыі актуальныя і сёння і ўяўляюць сабой праграму будавання шчасця ў гэтым жыцці і дасягнення яго ў вечнасці», — адзначыў арцыбіскуп.
«Марыя, наша духоўная Маці, будзь нам прытулкам у надзеі. Зірні ласкава на гэты Божы народ, у такой вялікай колькасці сабраны ля Тваіх ног. Сярод яго ёсць тыя, хто перажыў пераслед рэлігіі і правоў чалавека, сведкі веры, а таксама моладзь, якая знаходзіцца на скрыжаванні шляхоў і шукае правільнага, каб, будучы сучаснай, не страціць сваёй хрысціянскай тоеснасці.
Выпрасі ў свайго Сына для нас усіх, а асабліва для моладзі, ласку быць сапраўднымі і актыўнымі хрысціянамі, адказнымі за нашу будучыню. Выпрасі ласку, каб мы долатам евангельскіх каштоўнасцяў, сакрамэнту пакаяння і справаў міласэрнасці выразалі ў сваіх сэрцах Тваё аблічча. Няхай яно дапаможа нам, паводле мясцовай легенды, углядаючыся ў неба і беручы з Цябе прыклад, вызваліцца ад няволі граху і залежнасці, каб дзякуючы нашаму сведчанню моцнае рэха Твайго “Fiat” разносілася па гэтай зямлі і сведчыла, што мы выбіраем Бога, адзіную нашу надзею», — з такімі словамі малітвы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да Маці Божай. (AG)
|