Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел ва ўрачыстасцях адпусту Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кальварыі-Зэбжыдоўскай (+фота)
Іерархі
21.08.2016 22:33

21 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у святой Імшы на завяршэнне адпустовых урачыстасцяў Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў санктуарыі ў Кальварыі-Зэбжыдоўскай па запрашэнні Мітрапаліта Кракаўскага кардынала Станіслава Дзівіша і кусташа гэтага санктуарыя а. Яцэка Хесса.

Імшу ўзначаліў кардынал Станіслаў Дзівіш. Гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Адпустовыя ўрачыстасці ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі працягваліся ў Кальварыі-Зэбжыдоўскай увесь тыдзень — з 14 па 21 жніўня.



У гаміліі беларускі арцыпастыр між іншым падзякаваў кардыналу Станіславу Дзівішу за выдатную арганізацыю Сусветных дзён моладзі ў Кракаве, у якіх прынялі ўдзел 5 тысяч маладых людзей з Беларусі. «Яны вярнуліся дадому духоўна ўзбагачаныя, пад вялікім уражаннем ад таго, што ўбачылі і перажылі падчас сустрэчы з Пятром нашых часоў — Папам Францішкам, за што сардэчна дзякую», — сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Таксама арцыбіскуп крыху распавёў пра ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай у Беларусі, які «часта называюць беларускай Чэнстаховай».

Поўны тэкст гaміліі на польскай мове>>>

Панну Марыю Мітрапаліт назваў «пуцяводнай зоркай на шляхах нашага жыцця». «Сёння вялікая колькасць пілігрымаў сабралася ў Кальварыі-Зэбжыдоўскай, каб ушанаваць Унебаўзятую Марыю. Вашы продкі як у часы, спрыяльныя для развіцця веры і свабоды, так і ў перыяды зняволення і пераследу веры, спяшаліся на гэтае святое месца, каб у Марыі шукаць надзеі нават насуперак надзеі. Тут яны прасілі аб духоўнай дапамозе і атрымалі яе», — адзначыў арцыбіскуп.



Іерарх нагадаў, што «ля асноваў рэалізацыі гэтага адраджэння веры стаіць вялікі сын гэтай зямлі — святы Ян Павел ІІ». «Калі мала хто верыў, што атэістычна-камуністычная сістэма можа ўпасці, і многія страцілі надзею, застаўся ён, які даверыўся Марыі», — сказаў беларускі арцыпастыр.

«Дзякуючы свабодзе веравызнання моладзь з ужо былога СССР 25 гадоў таму магла ўдзельнічаць у Сусветных днях моладзі ў Чэнстахове ў 1991 г., калі з-за ўсходняй мяжы на сустрэчу з Янам Паўлам ІІ прыбыло 65 тысяч чалавек, — дадаў Мітрапаліт. — Дзякуючы гэтай свабодзе на чарговыя, сёлетнія Дні моладзі ў Кракаве прыехалі іх дзеці».

«Цешачыся свабодай, якая з’яўляецца вялікім дарам, мы часта забываем, што адначасова яна з’яўляецца вялікім выклікам і спакусай жыць не зважаючы на Божы закон, — звярнуў таксама ўвагу арцыбіскуп Кандрусевіч. — Мы маем усё больш магчымасцяў жыць у святле Евангелля, аднак жа выбіраем цемру; замест дабра чынім зло, што праяўляецца ва ўсё большым распаўсюджанні амаральнага жыцця і тым, што чалавек трапляе ў сеткі рознага роду залежнасцяў».



Нагадаўшы пра розныя праблемы і выклікі сённяшняга часу, Мітрапаліт заўважыў: «Святы Айцец Францішак звяртаецца да моладзі, кажучы, каб яна не спяшалася на заўчасную пенсію і не вяла “канапавы” стыль жыцця (…) ён кажа з хрысціянскім сведчаннем ісці да сучаснага свету. Гэта датычыць кожнага з нас, бо мы адказныя за свой лёс, а таксама лёс грамадства і свету».

Дапамогай у гэтым, па словах іерарха, з’яўляецца Хрыстус і Яго Евангелле, а «Марыя — найкарацейшая дарога да Езуса».



«Таму сёння, на гэтых кальварыйскіх сцежках, Касцёл указвае на Марыю, якая пайшла дарогай Кальварыі за сваім Сынам. Яе згода з Божай воляй дала пачатак рэалізацыі Божага плану збаўлення», — сказаў арцыбіскуп.

Мітрапаліт падкрэсліў, што словы Панны Марыі, прамоўленыя ў Фаціме ў 1917 г. — «калі будзеце маліцца і навернецеся, то ўсё будзе добра, калі не, вас чакаюць вялікія праблемы», — вельмі актуальныя сёння.



«Марыя, наша духоўная Маці, будзь нам пуцяводнай зоркай на нялёгкіх шляхах нашага жыцця, з Тваім „Fiat” на вуснах, што азначае, што мы выбіраем Бога, адзіную нашу надзею», — з такімі словамі малітвы беларускі іерарх звярнуўся да Божай Маці.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію