Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў касцёл у Мышынцы (Польшча) |
Іерархі |
28.08.2016 19:04 |
28 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Мышынцы (Польшча), дзе адзначалася свята збору мёду. У велізарнай святыні сабралося вельмі шмат вернікаў. Прысутнічаў таксама гурт з Гродна, які Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў на беларускай мове.
У гаміліі беларускі арцыпастыр сказаў, што наведвае гэтую парафію ўжо не першы раз і заўсёды здзіўляецца крэатыўнасці пробашча і парафіян: новым ініцыятывам, якія ўключаюць таксама душпастырства пчаляроў. Разважаючы над літургічнымі чытаннямі ХХІІ Звычайнай нядзелі, іерарх заўважыў, што яны кажуць пра цноту пакоры, «аб якой нялёгка гаварыць у сённяшні час». «Жыццё дае нямала прыкладаў, як кардынальна і не найлепшым чынам людзі змяняюцца, заняўшы высокае становішча», — дадаў арцыпастыр. «У практыкаванні цноты пакоры мы павінны быць падобныя да дзяцей. Натуральна для малога дзіцяці ўсміхацца іншым, з павагай ставіцца да кожнага і дзеліцца з ім тым, што мае. Дзіця не імкнецца да канкурэнцыі любым коштам», — сказаў арцыбіскуп. «Нашы сем’і і нават усё грамадства пэўным чынам падобныя да вулля. Але ці ў іх такі ж парадак, як у вуллі? Ці ўсе служаць агульнаму дабру?» — паставіў таксама пытанне іерарх. Беларускі іерарх пажадаў, каб «заклік Езуса, прыклад Панны Марыі, шматлікіх святых і асабліва Папы Францішка, якога можна назваць уцелаўленнем цноты пакоры, заахвоціць нас, каб мы ёю жылі і каб Бог нас узвысіў у вечнасці». Пасля Імшы пачалася мастацкая праграма, у якой прыняў удзел гурт з Гродна. (AG), фота Міраслава Бродзіка |
Фотарэпартаж |