Тэкст паслання на польскай мове>>> Прыйдзі, Пане, і знайдзі нас чуваючымі!
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл распачынае новы літургічны год, распачынае Адвэнтам. Слова “Адвэнт” азначае прыйсце. Падчас яго мы ўспамінаем першы гістарычны Адвэнт, які завяршыўся ўцелаўленнем Божага Сына больш за 2000 гадоў таму; нагадваем аб Яго другім прыйсці ў славе напрыканцы часоў, каб судзіць жывых і памерлых; нарэшце, рыхтуемся да святаў Божага Нараджэння. У гэты час мы таксама засяроджваем нашу ўвагу на праўдзе Яго прыйсця да нас у Божым слове і ў сакрамэнтах, найперш у Эўхарыстыі, і ў справах міласэрнесці.
У Адвэнт Касцёл заахвочвае нас адкрыць нашы сэрцы на прыняцце з верай, надзеяй і любоўю Хрыста, які нарадзіўся ў Бэтлееме і які прыходзіць. Калі мы рыхтуемся да прыняцця госця ў нашым доме і з нецярпеннем чакаем яго, то тым больш павінны рыхтавацца да Божага Нараджэння і праз гэта – да Яго прыйсця напрыканцы часоў.
Таму, зыходзячы з гісторыі збаўлення, прысутнасці Езуса ў жыцці Касцёла, а таксама перспектывы Яго другога прыйсця, мы павінны дзякаваць Яму, вітаць Яго і на чуванні чакаць новага прыйсця.
2. Стары Запавет прадказваў прыйсце Месіі, як усемагутнага Валадара. У сённяшнім першым чытанні прарок Ісая бачыць светлую будучыню месіянскай эры. Ён кажа, што праўда і справядлівасць выйдуць з Ерузалема і распаўсюдзяцца па ўсім свеце (пар. Іс 2, 3). Гэта не што іншае, як вобраз Касцёла, як сакрамэнту паўсюднага збаўлення.
Ісая прарочыць, што Збаўца адорыць народы супакоем і не будзе вайны (пар. Іс 2, 4). Гэтае прароцтва з’яўляецца адначасова і заданнем. А менавіта, мы павінны быць паслухмянымі Богу, верыць у Яго і весці цнатлівае жыццё. Яно адносіцца найперш да людзей, якія ў сваіх сэрцах маюць Хрыстовы супакой.
Як вядома, першародны грах і выкліканая ім схільнасць да зла вядуць да розных канфліктаў і войнаў. Сведкам чаго з’яўляецца гісторыя чалавецтва і таксама нашы неспакойныя часы. Аднак іх можна прадухіліць, калі дазволім Езусу з Яго супакоем прабываць у нашых сэрцах. Хто не мае супакою ў сваім сэрцы, той не можа яго дарыць іншым.
3. Евангелле заклікае нас да пастаяннага чування (пар. Мц 24, 42), бо кожны дзень нашага жыцця можа стаць для нас момантам прыйсця Езуса, як суддзі. Яго прыйсце будзе нечаканым, падобна патопу ў часы Ноя. Многія людзі ігнаравалі папярэджанне аб патопе, высмейвалі Ноя за будаўніцтва вялікага каўчэга на сухім месцы, далёка ад мора. Аднак патоп прыйшоў, і ўратаваўся толькі Ной, яго сям’я і жывёлы, якіх ён забраў з сабой у свой карабель, а іншыя загінулі (пар. Быц 6, 8). Тое ж самае чакае таго, хто не зважае на Божае слова.
Трэба памятаць аб тым, што Божы суд – гэта індывідуальны суд, а не супольны. Хрыстус выразна кажа пра гэта ў сённяшнім Евангеллі: “Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзятая, а другая пакінутая” (Мц 24, 40-41). Гэта азначае, што адзін будзе збаўлены, а другі не. А збаўлены будзе той, хто чувае, каб жыць згодна з Божым законам.
Будучае прыйсце Хрыста, будзе падобна да прыйсця злодзея, які пад покрывам ночы незаўважна прыходзіць, каб штосьці скрасці (пар. Мц 24, 43). Таму мы павінны быць гатовыя, каб яго сустрэць і не дазволіць яму гэтага ўчыніць. А быць гатовым – азначае наследаваць Хрыста, жыць Яго вучэннем, паводле дадзенай нам ласкі (пар. Рым 12, 6). Усё, што гаворыцца ў Евангеллі аб прыйсці Хрыста, мы павінны адрасаваць сабе самім, бо, як паказвае практыка штодзённага жыцця, наша зямное жыццё можа завяршыцца зусім нечакана.
Нарэшце, Адвэнт – гэта час непасрэднай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Як мы рыхтуемся да гэтай падзеі? На палымянай і штодзённай малітве, удзельнічаючы ў рэкалекцыях, будучы вернымі абавязкам свайго стану, практыкуючы акты самаадрачэння, несучы свой штодзённы крыж, здзяйсняючы ўчынкі міласэрнасці, пазбягаючы рознага сарказму і несправядлівай крытыкі іншых і да т.п.?
4. Заклікаючы да чування, Касцёл мае на ўвазе таксама наша навяртанне. Мы добра ведаем, што наша чалавечая прырода дэфармавана першародным грахом і таму схільная да зла і граху. Мы добра ведаем, што такое дабро, і хочам яго, аднак у той жа час чынім зло.
Славуты амерыканскі прапаведнік арцыбіскуп Фултан Шын з нагоды Адвэнту прадстаўляе наступнае разважанне. Бог не стварыў нас схільнымі да граху. Такі наш духоўны стан – гэта не што іншае, як наступства першароднага граху. Аб нашым грахоўным стане найлепей сведчыць добра сфармаванае сумленне, якое кажа, што амаральнае жыццё з’яўляецца ненармальным і патрабуе выпраўлення, бо штосьці ў ім не адпавядае Божым нормам. Бог нам указаў адзін і адзіны шлях, якога мы павінны прытрымлівацца ў нашым жыцці. Мы ж, кіруючыся ідэяй свабоды без адказнасці, выбіраем іншы. Бог напісаў сцэнарый нашага жыцця, мы ж змяняем яго сюжэт. Мы людзі, якія паўсталі супраць Бога. І калі мы наракаем на свой лёс, то павінны вінаваціць у гэтым не Бога, але толькі сябе саміх. Хаця мы створаны па вобразу і падабенству Божаму, мы падобныя да чалавека, які ўпаў у калодзеж. Ён жывы, але сам не можа выбрацца з яго. Мы духоўна хворыя. Нам патрэбна лячэнне і вызваленне з палону граху. Мы таксама вельмі добра ведаем, што самі сябе не можам вызваліць і даць свабоду. Мы падобныя да рыбы, якая знаходзіцца на вяршыні гары і сама не можа вярнуцца ў раку, возера ці мора. Хтосьці павінен дапамагчы ёй гэта зрабіць (пар. http://www.holytrinitygoodhue.org/single-post/2015/12/12/Are-you-preparing-yourself-for-Christ).
Сёння многія вадзіцелі карыстаюцца вельмі папулярнай навігацыйнай сістэмай GPS, якая вядзе па правільнай дарозе, а ў выпадку памылкі кажа памяняць напрамак. Таксама і Касцёл, зыходзячы са свайго вучэння, якое абапіраецца на Евангелле, пастаянна накіроўвае наш жыццёвы шлях.
5. Адвэнт з’яўляецца тым адпаведным часам, каб гэта ўчыніць. Таму мы павінны прымаць удзел у адвэнтавых набажэнствах, раратах, малітоўных сустрэчах, пакутных набажэнствах, рэкалекцыях, устрымлівацца ад алкаголю, наркотыкаў і іншых таксічных прэпаратаў, гучных забаваў і г.д.
Мы таксама павінны памятаць аб справах міласэрнасці адносна цела і душы патрабуючага. Неабходна дапамагаць тым, якія такой дапамогі патрабуюць. Нядаўна завяршыўся Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, але з ім не можа завяршыцца заўсёды патрэбная і актуальная практыка міласэрнасці, дзякуючы якой так шмат людзей адчувае палёгку і прыходзіць да Бога. Няхай Божы заклік, што не збяднее рука даючага (пар. Прып 28, 27), дапамагае нам у гэтым.
У адвэнтавай спешцы і клопатах аб ёлцы, падарунках для дзяцей і блізкіх, ва ўсё больш распаўсюджанай залежнасці ад перадсвяточнага шопінгу неабходна знайсці час на цішыню, каб задумацца аб сваім духоўным жыцці. Неабходна стаць перад самім сабой і спытаць сябе: “Кім я з’яўляюся? Якое маё духоўнае жыццё? Яно напоўнена Богам ці, можа, толькі часовымі справамі, якія засланяюць мне Стварыцеля?”
У адвэнтавай цішыні і задуме, асабліва падчас рэкалекцый, праз прызму Евангелля і вучэння Касцёла мы павінны паставіць сабе дыягназ, каб паспяхова лячыць свае духоўныя хваробы. Узгаданы вышэй арцыбіскуп Фултан Шын распавядае пра цікавае здарэнне са сваёй пастырскай практыкі. Ён наведваў хворых у шпіталі. Калі спытаў аднаго з іх, ці не хоча ён паяднацца з Богам, той адказаў: “Я думаю, вы мне хочаце сказаць, што, калі не паяднаюся, то пайду ў пекла”. “Не зусім так, бо я не суддзя”, – адказаў біскуп. “Добра, але я хачу ў пекла”, – сказаў хворы. На гэта біскуп сказаў: “О, я ніколі ў сваім жыцці не сустрэў чалавека, які хацеў бы пайсці ў пекла, таму пачакаю і пагляджу, як ты туды пойдзеш”.
Біскуп быў упэўнены, што калі дасць гэтаму закаранеламу грэшніку некаторы час толькі для яго самога, то яго погляды могуць змяніцца. Таму ён сеў побач з хворым і чакаў каля 20 хвілін. Пры гэтым ён бачыў, як хворы праходзіць праз пэўныя духоўныя змаганні. Нарэшце ён спытаў біскупа, ці той сапраўды верыць у пекла. На што біскуп спытаў яго, ці ён не адчуваеце сябе няшчасным, ці не перапалоханы, ці ў яго ёсць страх і трывога за сваю будучыню, ці ўсё злое, што было ў яго жыцці, не праходзіць перад яго вачыма, як нейкі прывід. У выніку ўсяго не трэба было доўга чакаць аб прымірэнні хворага з Богам (пар. http://www.holytrinitygoodhue.org/single-post/2015/12/12/Are-you-preparing-yourself-for-Christ).
Святы Айцец Францішак падчас Сусветных дзён моладзі ў Кракаве звярнуў увагу маладых людзей, што яны прыйшлі ў гэты свет не для таго, каб толькі існаваць, выгодна праводзіць жыццё, каб з жыцця ўчыніць “канапу”, якая ўсыпляе і паралізуе. Ён звярнуў увагу на тое, што Езус з’яўляецца Панам рызыкі, Панам выйсця па-за межы звычайнага выгоднага жыцця. Таму неабходна дазволіць Езусу перамяніць нашы сэрцы (пар. PFwP, c.112-113).
Адвэнт з’яўляецца найбольш спрыяльным часам для гэтага. Гэта час перамяніць сваё жыццё з мэтай таго, каб быць падрыхтаванымі да сустрэчы з Езусам.
Святы Аўгустын перажыў доўгі цёмны Адвэнт свайго жыцця. Аднойчы ён пачуў голас дзіцяці, якое паўтарала рэфрэн песні: “Вазьмі і чытай”. Пад яго ўплывам ён узяў Святое Пісанне, якое адкрылася на Пасланні да Рымлянаў, і прачытаў наступныя словы: “будзем паводзіць сябе прыстойна: не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, ні ў сварках ды зайздрасці, але апраніцеся ў Пана Езуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажадлівасці” (Рым 13, 13).
Гэта быў момант, які паставіў яго перад праўдай і які стаў момантам яго навяртання. Таксама і мы ў Адвэнт павінны стаць перад Божай праўдай. А менавіта, разважаць над Святым Пісаннем – крыніцай нашай веры і духоўнай мудрасці і шляхам да навяртання. Трэба памятаць аб тым, што Касцёл – гэта супольнасць не дасканалых, але тых, якія знаходзяцца ў дарозе, на якой яны могуць заблудзіцца, і таму патрабуюць навяртання. Час Адвэнту якраз і з’яўляецца адпаведным для гэтага часам.
6. Першыя хрысціяне моцна сумавалі па Езусе і маліліся: “Прыйдзі, Пане, і не спазніся”. Падчас Эўхарыстыі Ён прыходзіць да нас, ахвяруючы нам сваё Цела і Кроў. Ён прыходзіць у іншых сакрамэнтах. Прыходзіць у заўсёды жывым і дзейсным Божым слове (пар. Гбр 4, 12). Прыходзіць у справах дабрачыннасці і міласэрнасці. Прыходзіць у кожнай дзейнасці Касцёла. Нам толькі неабходна прымаць Яго з адкрытымі сэрцамі і даверам. Калі так учынім, то выканаем тое, чаго патрабуе ад нас Касцёл.
Таму не зачынім дзвярэй нашых сэрцаў. Дазволім Яму ўвайсці ў нашы душы, каб іх духоўную цемру асвятліць святлом Яго Евангелля, вярнуць нам страчаную надзею і ўчыніць шчаслівымі. Давяраючы ўсіх вас матчынай апецы Марыі – Маці адвэнтавага чування, – ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 20 лістапада 2016 г. Урачыстасць Хрыста, Валадара Cусвету
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Papież Franciszek w Polsce. 27-31 lipca 2016 r. Michalineum 2016 (PFwP). 2. http://www.holytrinitygoodhue.org/single-post/2015/12/12/Are-you-preparing-yourself-for-Christ.
P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэта пасланне вернікам у Першую нядзелю Адвэнту, 27 лістапада 2016 г.
|