Пастырскае пасланне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча на Адвэнт 2016 года |
Іерархі |
25.11.2016 07:57 |
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне! Літургія сённяшняй нядзелі ўводзіць нас у перыяд Адвэнту — час радаснай і пабожнай падрыхтоўкі да святаў Нараджэння Пана. Разам з Адвэнтам пачынаецца ў Касцёле новы літургічны год. Яго рытм, які адмяраецца праз змену літургічных перыядаў, урачыстасці і святы, што адзначаюцца ў адпаведны час, дазваляюць нам штораз нанова разважаць над таямніцай Божага плану збаўлення, які рэалізуецца ў гісторыі чалавецтва і ўдзельнікамі якога мы з’яўляемся. Перыяд Адвэнту з’яўляецца для нас напамінам, што прыйсцю ў свет Адзінароднага Сына Божага, Езуса Хрыста, якое настала ў пэўны момант гісторыі, калі «надышла паўната часу» (Гал 4 ,4), папярэднічала доўгае чаканне. Такім чынам, перыяд Адвэнту кіруе наш позірк у будучыню і нагадвае, што канчатковым прызначэннем чалавека з’яўляецца жыццё вечнае ў супольнасці з Богам. Праз гэта таксама жыццё кожнага з нас, як і гісторыя ўсяго чалавецтва, атрымлівае своеасаблівае «адвэнтавае» вымярэнне, становячыся чаканнем спаткання з Хрыстом Уваскрослым, які калісьці прыйдзе паўторна, каб судзіць жывых і памерлых. Паколькі нам, людзям, не дадзена бачыць, калі гэта настане, Пан Езус у сённяшнім Евангеллі кажа аб неабходнасці чування: «Будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце» (Мц 24, 44). Што гэта азначае — чуваць і быць гатовым да прыйсця Пана? Адказ дае нам св. Павел у прачытаным сёння фрагменце Паслання да Рымлянаў: «Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла. Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці» (Рым 13, 12-13). А таму чуванне з’яўляецца найперш паставай навяртання, значыць рашучым адкіданнем ад сябе ўсяго, што грахоўнае і нягоднае вызнаўцы Хрыста, і ўваходам на шлях праўды, справядлівасці і дабра. Згодна з асвячанай стагоддзямі Традыцыяй Касцёла, перыяд Адвэнту, хоць і не мае характар выразна пакутны, з’яўляецца дасканалай нагодай да таго, каб зірнуць у глыбіню нашага сэрца і распачаць трывалую працу над сабой. Традыцыйна ў Адвэнт мы адмаўляемся ад гучных забаваў, каб больш часу прысвяціць малітве, чытанню Святога Пісання, каб часцей прыступаць да святых сакрамэнтаў і прымаць іншыя пабожныя практыкі. Варта таксама зрабіць якіясьці адвэнтавыя пастановы, якія дапамагаюць нам у паглыбленні духоўнага жыцця. Не будзем забываць пра тое, каб прыступіць у Адвэнт да сакрамэнту пакаяння і паяднання, каб у стане асвячальнай ласкі, з чыстымі, адноўленымі сэрцамі магчы перажываць радасць святаў Божага Нараджэння. Нямала вернікаў часта, а нават і штодзённа, удзельнічаюць у раратніх святых Імшах, якія цэлебруюцца ў гонар Маці Божай. Яны ўводзяць нас у прыгожы настрой духоўнага чування з Найсвяцейшай Маці, чакання разам з Ёю спаўнення Божага абяцання і прыйсця Збаўцы ў таямніцы ўцелаўлення. Паклапоцімся асабліва аб тым, каб у раратніх Імшах удзельнічалі дзеці, бо гэта своесаблівы род катэхезы, які спрыяе лепшаму пазнанню зместу веры і развіццю малітоўнага жыцця. Дарагія браты і сёстры! Будзем перажываць сёлетні Адвэнт, духоўна ўзбагачаныя глыбокім і ўзрушальным пасланнем Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. Юбілейны Год, завяршэнне якога здзейсніў Святы Айцец Францішак у мінулую нядзелю Хрыста, Валадара Сусвету, быў для ўсяго Касцёла асаблівым часам ласкі. Па запрашэнні наступніка святога Пятра і пад яго кіраўніцтвам мы ўглядаліся вачыма веры ў аблічча Нябеснага Айца, які ёсць Богам, багатым міласэрнасцю (пар. Эф 2, 4). Слухаючы Евангелле, мы штораз нанова вучыліся распазнаваць бясконцую міласэрную любоў Бога ў Асобе Езуса Хрыста, у Яго словах і ўчынках, а найперш у таямніцы Яго крыжа. Спаўняючы ўчынкі міласэрнасці адносна душы і адносна цела, мы вучыліся «ўяўленню міласэрнасці», бо нішто не робіць нашага сведчання веры такім відавочным і верагодным, як любоў, дабрыня і бескарыслівая дапамога, якую аказваем бліжнім. І хоць Юбілейны Год належыць ужо да гісторыі, хацелася б, каб яго духоўныя плёны трывалі надалей. Няхай сёлетні Адвэнт будзе ў пэўным сэнсе натуральным працягам Года Міласэрнасці. Няхай нашы сэрцы будуць чулымі, пяшчотнымі і добрымі, адкрытымі на бліжніх, хто мае патрэбу ў нашай дапамозе духоўнай або матэрыяльнай. «Мы не можам уцячы ад слоў Пана, — нагадвае нам Святы Айцец Францішак, — паводле іх мы будзем асуджаны: ці мы накармілі галоднага, ці напаілі сасмаглага, ці прынялі падарожнага і апранулі нагіх, ці мелі час для хворага і вязня (пар. Мц 25, 31-45). […] У кожным з гэтых “найменшых” прысутнічае сам Хрыстус, […] каб мы маглі Яго распазнаць, дакрануцца і клапатліва Яму дапамагчы. Будзем памятаць словы св. Яна ад Крыжа: “Пад вечар жыцця мы будзем асуджаныя з любові”» (MV, 15). Жадаю вам, дарагія дыяцэзіяне, прыгожага і багатага плёнамі духоўнага перажывання перыяду Адвэнту. Няхай дні радаснага чакання сустрэчы з нованароджаным Божым Сынам праходзяць у атмасферы веры і малітвы, а таксама ў атмасферы ўзаемнай люові, дабрыні і павагі. Няхай у адвэнтавым чуванні вам спадарожнічае чулая мацярынская апека Божай Маці Марыі, якая апякуецца нашым Касцёлам на Гродзеншчыне як Маці Міласэрнасці. На плённую падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, ад усяго сэрца благаслаўляю. |