Мітрапаліт Кандрусевіч скіраваў адкрыты ліст міністру аховы здароўя Беларусі |
Іерархі |
23.12.2016 11:56 |
22 снежня Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў адкрыты ліст на імя міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіля Жарко. У ім старшыня каталіцкага епіскапату выказвае непакой і крытыку адносна Праекта нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі. У адкрытым лісце Мітрапаліт Кандрусевіч прадстаўляе пазіцыю Касцёла адносна этыкі, якая «ўстанаўлівае і ацэньвае нормы паводзінаў чалавека з пункту гледжання іх маральнасці», і перасцерагае перад капіраваннем «заганнага і небяспечнага заходняга досведу». Адкрыты ліст на беларускай і рускай мовах >>> «Мы прыходзім да парадоксу, што ва ўмовах свабоды веравызнання, якое гарантуе Канстытуцыя, у тым ліку і медыкам, прапануюцца нормы, якія супярэчаць асноўнаму заканадаўству, шматвекавой традыцыі верацярпімасці і талерантнасці нашага народа», — адзначае арцыбіскуп. Дадзены праект, як сцвярджае Мітрапаліт, «можа прывесці да напружанасці на рэлігійным фоне, распачаць прыгнёт асобаў, якія вызнаюць шматвекавыя духоўныя каштоўнасці, закладзеныя ў аснову нашай культуры і ідэнтычнасці, і паўсюдна выражаюцца ў рэлігійных сімвалах». Старшыня каталіцкага епіскапату лічыць, што ў Праекце нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі «не дастаткова адлюстраваны маральныя прынцыпы, якімі павінны кіравацца медыцынскія працаўнікі, а таксама парушаны правы веруючых і таму ён патрабуе грунтоўнай перапрацоўкі». (VGr) |