Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VIII Звычайную нядзелю, Год А |
26.02.2017 13:41 |
Чырвоны касцёл, 26 лютага ДАВЕРЫЦЦА БОГУ Толькі ў Богу шукай супакою, душа мая! Глыбокапаважныя браты і сёстры! 1. Гэты рэфрэн сённяшняй св. Імшы вельмі добра перадае галоўныя думкі чытанняў, якія Касцёл прапануе нашай увазе і ў якіх акцэнт робіцца на давер Богу. Калі мы спавядаемся, то найчасцей толькі пералічваем нашыя грахі — і гэта добра. Аднак ці часам гэтага не замала? Ці мы спавядаемся з таго, што не давяраем Богу? І сапраўды, сучасны чалавек усё часцей давярае сабе, сваім здольнасцям, дасягненням навукі і тэхналогіі. Напэўна, гэта добра, але ці дастаткова? Ці толькі развіццё навукі здольнае вырашыць усе нашы праблемы? Ці часам вырашэнне адной праблемы не з’яўляецца прычынай узнікнення другой? Жыццё паказвае, што так. Не трэба далёка хадзіць. Калісьці людзі ездзілі на конях. Потым прыдумалі аўтамабілі. Выгодна і хутка, але з-за гэтага вялікія гарады мусяць змагацца за чысціню паветра, якое моцна забруджана. Такіх прыкладаў можна прывесці шмат. Таму сёння, напярэдадні Вялікага посту, які распачынаем у наступную сераду, неабходна звярнуць ўвагу на грэх нашага занядбання даверу Богу — нашаму Стварыцелю і Збаўцу. Гэта найбольш распаўсюджаны грэх нашага часу. 2. Сённяшнія імшальныя чытанні нагадваюць пра тое, што давер Богу — гэта як свежае паветра для нашага фізічнага жыцця. Многія з нас не давяраюць Богу і жывуць у трывогах і турботах, поўныя страху і няўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Гэта вядзе да фізічных і духоўных страт. Таму мы павінны ўслухоўвацца ў голас св. Аўгустына, які кажа, што сэрца чалавека будзе неспакойным, пакуль не спачне ў Богу. Сённяшнія чытанні сцвярджаюць, што ў Богу наша надзея, наша бяспека, наша моц і наш прытулак. Ад Бога паходзіць нашае жыццё і кожны подых. Таму лекам ад усіх нашых праблем з’яўляецца давер Богу. Гэта проціяддзе ад страху, трывогі і турботаў. 3. Нават калі мы думаем пра Бога, што, напэўна, не так часта здараецца, то часта лічым, што Ён не звяртае на нас увагі або, можа, злуецца на нас ці хоча пакараць. Здаецца, што ўсе нашы беды і непрыемнасці пацвярджаюць гэтае падазрэнне, якое насамрэч не з’яўляецца чымсьці новым. Яно існавала ў часы прарока Ісаі. Аднак Ісая, як мы пачулі ў першым сённяшнім чытанні, аправяргае гэтае падазрэнне, кажучы: жанчына не забудзе пра сваё немаўля, тым больш Бог не забывае пра нас. Ён бачыць кожнага з нас на сваім Боскім радары, якім можна назваць далоні Яго рук. Яго веданне пра нас з’яўляецца поўным, дасканалым і вечным. Ён ніколі не забывае пра нас, хоць мы часта забываем пра Яго, што і з’яўляецца прычынай нашых турботаў. У другім сённяшнім чытанні св. апостал Павел падкрэслівае, што важным з’яўляецца не чалавечы, а Божы суд, калі Пан выявіць намеры сэрцаў. Сённяшняе Евангелле з’яўляецца працягам славутага казання Езуса на гары, вельмі натхняльнага для трывожных грэшнікаў, у якім гучыць заклік да поўнай залежнасці ад Бога і спаўнення Яго волі. Менавіта аб гэтым мы молімся ў малітве «Ойча наш...», калі кажам: «Будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі». Малітва «Ойча наш...» — гэта малітва нашага даверу Нябеснаму Айцу. Езус нагадвае нам пра тое, што мы для Бога больш каштоўныя, чым палявыя лілеі або птушкі нябесныя. Для існавання ім дастаткова Божага Провіду. Падобна паступае Бог і з чалавекам, калі мы супрацоўнічаем з Ім. Менавіта таму Езус кажа, што найперш трэба шукаць Божае Валадарства і справядлівасць Божую, а ўсё іншае дадасца. 4. Але ці мы слухаем гэтыя Яго словы? Ці не заклапочаны мы больш справамі штодзённага жыцця, чым Божымі? Неабходна памятаць, што страх і неспакой не з’яўляюцца паказчыкамі веры ў Бога і не сумяшчальны з благаслаўленнямі Езуса з Яго казання на гары, у якім выражаны поўны давер Богу. Страх абмяжоўвае нас, а часам нават паралізуе. Ён перашкаджае чыніць тое, што правільна, і прымушае рабіць тое, што з’яўляецца няправільным. Пастаянны неспакой вядзе да роспачы, у выніку чаго мы губляем надзею і веру ў Бога, што, у сваю чаргу, з’яўляецца праяўленнем смяротнай духоўнай хваробы. Менавіта таму Езус кажа не клапаціцца пра заўтрашні дзень, бо заўтра само за сябе паклапоціцца. Гэта не азначае, што мы не павінны клапаціцца пра нашу будучыню, пра тое, як мы будзем жыць заўтра. Рэч у тым, што клопат гэты не павінен захіліць нам Бога і справы нашага духоўнага жыцця. Адзіны, хто хоча, каб мы турбаваліся толькі пра заўтрашні дзень, — гэта сатана. Сярод яго найбольш любімых дэманічных інструментаў — страх, сорам і неспакой. Выкарыстоўваючы іх, ён хоча ўтрымліваць нас ад добрай споведзі. Калі Евангелле Езуса нагадвае аб Божай міласэрнасці і любові, то евангелле злога духа кажа, што мы нічога не вартыя, што Бог нас ненавідзіць, што нашыя грахі такія вялікія, што іх нельга прабачыць. 5. Калі мы станем ахвярамі гэтых д’ябальскіх парадаў, то ніколі не зможам дайсці да крыніцы бязмежнай Божай міласэрнасці. Сатана натхняе наш неспакой, кажа нам турбавацца пра заўтрашні дзень. І, як шэкспіраўская ледзі Макбет, мы трапляем у больш глыбокі абман і цемру, праецыруючы свае страхі ў будучыню. Нездарма Езус кажа, што на кожны дзень хопіць турбот. Аднак Бог удзяляе дастаткова сваёй ласкі, каб мы маглі справіцца з выклікамі дня. Сатана ж, наадварот, хоча сузіраць, як доўга мы будзем цярпець, напрыклад, з-за хваробы блізкага чалавека ці яго надыходзячай смерці. У той час Езус запэўнівае, што ў такіх складаных абставінах Яго ласка даступная нам у патрэбны час. Падобна таму, як у патрэбны час Бог паслаў габрэям у пустыні перапёлак і манну. Ён таксама ўмацоўвае і нас ў даверы Яму. У 2000 годзе Вялікага Юбілею хрысціянства св. Ян Павел II устанавіў свята Божай Міласэрнасці, якое адзначаецца ў нядзелю пасля Пасхі. Нам добра вядомы абраз Езуса Міласэрнага, на якім напісаны словы: «Езу, давяраю Табе». Гэтыя словы вучаць нас у цяжкія хвіліны нашага жыцця не адчайвацца і не паддавацца роспачы, але з вялікім даверам падпарадкоўвацца Божай волі, якая з’яўляецца любоўю і міласэрнасцю. Амэн. |