Мітрапаліт Кандрусевіч: давер Богу — проціяддзе ад страху |
Іерархі |
26.02.2017 20:00 |
26 лютага Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Свв. Сымона і Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл), дзе ўзначаліў святую Імшу. Напярэдадні Вялікага посту, які сёлета распачынаецца 1 сакавіка, арцыпастыр заклікаў звярнуць увагу на грэх занядбання даверу Богу. Як заўважыў іерарх, гэта «найбольш распаўсюджаны грэх нашага часу»: «Многія з нас не давяраюць Богу і жывуць у трывогах і турботах, поўныя страху і няўпэўненасці ў заўтрашнім дні». Мітрапаліт, спасылаючыся на літургічныя чытанні гэтага дня, нагадаў, што ў Богу надзея, бяспека, моц і прытулак чалавека. «Ад Бога паходзіць нашае жыццё і кожны подых. Таму лекам ад усіх нашых праблем з’яўляецца давер Богу. Гэта проціяддзе ад страху, трывогі і турботаў», — падкрэсліў іерарх. Бог, як сцвердзіў арцыбіскуп, «бачыць кожнага з нас на сваім Боскім радары, якім можна назваць далоні Яго рук». «Яго веданне пра нас з’яўляецца поўным, дасканалым і вечным. Ён ніколі не забывае пра нас, хоць мы часта забываем пра Яго, што і з’яўляецца прычынай нашых турботаў», — адзначыў Мітрапаліт. «Сённяшняе Евангелле з’яўляецца працягам славутага казання Езуса на гары, вельмі натхняльнага для трывожных грэшнікаў, у якім гучыць заклік да поўнай залежнасці ад Бога і спаўнення Яго волі, — працягваў іерарх. — Езус нагадвае нам пра тое, што мы для Бога больш каштоўныя, чым палявыя лілеі або птушкі нябесныя. Ім для існавання дастаткова Божага Провіду. Падобна паступае Бог і з чалавекам, калі мы супрацоўнічаем з Ім. Менавіта таму Езус кажа, што найперш трэба шукаць Божае Валадарства і справядлівасць Божую, а ўсё іншае дадасца». Мітрапаліт Тадэвуш заклікаў памятаць, што «страх і неспакой не з’яўляюцца паказчыкамі веры ў Бога і не сумяшчальныя з благаслаўленнямі Езуса з Яго казання на гары, у якім выражаны поўны давер Богу». Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VIII Звычайную нядзелю, Год А. «Пастаянны неспакой вядзе да роспачы, у выніку чаго мы губляем надзею і веру ў Бога, што, у сваю чаргу, з’яўляецца праяўленнем смяротнай духоўнай хваробы», — падкэсліў іерарх. Менавіта таму, як дадаў арцыпастыр, Езус кажа не клапаціцца пра заўтрашні дзень, бо «Пан Бог удзяляе дастаткова сваёй ласкі, каб мы маглі справіцца з выклікамі дня». «Адзіны, хто хоча, каб мы турбаваліся толькі пра заўтрашні дзень, — гэта сатана. Сярод яго найбольш любімых дэманічных інструментаў — страх, сорам і неспакой. Выкарыстоўваючы іх, ён хоча ўтрымліваць нас ад добрай споведзі, — падкрэсліў іерарх. — Езус жа запэўнівае, што ў складаных абставінах Яго ласка даступная нам». На заканчэнне гаміліі арцыпастыр заклікаў «не адчайвацца і не паддавацца роспачы, але з вялікім даверам падпарадкоўвацца Божай волі, якая з’яўляецца любоўю і міласэрнасцю». (DN), (VGr) |