Велікоднае віншаванне біскупа Антонія Дзям’янкі для духавенства і вернікаў Пінскай дыяцэзіі |
Іерархі |
16.04.2017 08:00 |
«Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў да жывой надзеі уваскрасенне Езуса Хрыста (1 П 1, 3). Дарагія дыяцэзіяне! Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя! Дзеля нашага збаўлення Бог правёў Езуса праз цярпенні і смерць да радасці новага жыцця ў паўстанні з мёртвых. Сваёй любоўю Ён ачысціў нас ад грахоў, праліў найкаштоўнейшую кроў Адзінароднага Сына, каб мы сталі перад Богам аздобленыя справядлівасцю.Абмытыя водамі святога хросту, які бярэ пачатак у таямніцы Пасхі, мы імкнёмся да нашай абяцанай зямлі, збаўлення, вечнага жыцця, сузірання Бога бясконцага ў міласэрнасці. Хрост — гэта пачатак, а штогадовае святкаванне Пасхальнай таямніцы — гэта памятка і аднаўленне ў перажыванні нашага збаўлення. Няхай любоў Бога, аб’яўленая ў перамозе нашага Пана над грахом, смерцю і недахопам надзеі, шчодра напоўніць нашыя сэрцы, каб мы, пакідаючы ранейшае жыццё, станавіліся ў сучасным свеце сведкамі Хрыста, гатовымі несці Добрую Вестку ўсім, хто яе яшчэ не ведае. Няхай перажыванне таямніцы Вялікай Ночы, а асабліва аднаўленне абяцанняў хросту, прыносіць у нашым жыцці новы і радасны плён, як знак бязмежнай любові Пана. Няхай сіла і моц, якія зыходзяць з неспасцігальнага факту Уваскрасення Хрыста, стануць для нас палёгкай у клопатах, цярпеннях і хваробах, суцяшэннем у хвіліны сумненняў, прытулкам у моманты пагрозы. Няхай надзея, якая прамяніцца з велікоднай раніцы і пустой грабніцы нашага Пана Езуса Хрыста, напоўніць сэрца кожнага хрысціяніна спакоем і любоўю. Няхай Галілея нашага жыцця заўсёды будзе месцам сустрэчы з Уваскрослым. А паўсталы з памерлых Езус няхай загосціць у нашых сем’ях, месцах працы і адпачынку. Няхай Ён дапаможа нам пераадолець усе цяжкасці і сумненні. Няхай моц Яго ўваскрасення прывядзе нас праз штодзённасць да вечнасці. Езус, які прывёў нас са смерці да жыцця, няхай дасць нам упэўненасць, што Ён застаўся і жыве сярод нас ажно да сканчэння свету. Няхай радасць і спакой, дары Змёртвыхпаўсталага, дадаюць нам сіл і становяцца крыніцай сведчання пра жыццё поўнае веры. А Марыя, якая ядналася са сваім Сынам, стоячы пад крыжам, а цяпер цешыцца прабываннем з Ім у хвале неба, няхай будзе нашай спадарожніцай на шляху веры і даверу да добрага Бога. Марыя, Маці ўкрыжаванага і ўваскрослага Пана, якая вучыць нас чэрпаць мудрасць з болю і слёз, няхай дапамагае нам адкрываць перамененае аблічча Хрыста ва ўсім, што знявечанае і ўкрыжаванае на шляхах служэння Богу і чалавеку ў Касцёле і свеце. З запалам Марыі Магдалены, якая атрымала прабачэнне Збавіцеля, будзем дзяліцца радасцю ўваскрасення Хрыста з нашымі братамі і сёстрамі, да якіх пасылае нас Пан. Няхай наша пасхальная радасць стане таксама іх удзелам. А Хрыстовы спакой, які напаўняе нашыя сэрцы, няхай разальецца ва ўсе асяроддзі, у якіх мы жывём. А тым, хто перажывае сумненні, няхай дадае адвагі і суцяшэння наш давер і радасць жыцця. Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя! На святкаванне Хрыстовай Пасхі ад усяго сэрца ўсіх благаслаўляю. +Антоні Дзям’янка |