|
Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр пракаментаваў падпісаную ў Егіпце дэкларацыю паміж Касцёлам і Копцкай Праваслаўнай Царквой |
|
Іерархі
|
|
01.05.2017 10:52 |
|
Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр расказаў пра значэнне дэкларацыі, падпісанай 28 красавіка ў Егіпце Папам Рымскім і Патрыярхам Копцкай Праваслаўнай Царквы.
Сумесная дэкларацыя аб працягу шляху да поўнай эўхарыстычнай еднасці і адзінства паміж Цэрквамі двума іерархамі была падпісана ў каірскай рэзідэнцыі Патрыярха. «У першую чаргу дакумент прадугледжвае ўзаемнае прызнанне сапраўднасці хросту кожнай з Цэркваў на афіцыйным узроўні, — адзначыў Нунцый. — Раней, калі такой дамоўленасці не было, сітуацыя выглядала нявызначанай і магла ствараць цяжкасці ў тых рэгіёнах, дзе прадстаўнікі гэтых канфесій жывуць побач».
Паводле слоў Апостальскага Нунцыя, у пацвярджэнні Копцкай Праваслаўнай Царквой хросту, удзеленага ў каталіцтве, больш не будзе неабходнасці. З іншымі старажытнымі ўсходнімі Цэрквамі такія дамоўленасці ўжо былі. «Гэты дакумент вельмі важны, бо канкрэтна прагаворвае практычны бок пытання хросту абедзвюх канфесій. Стагоддзямі пытанне не было вырашана, таму прынятае рашэнне — гэта вельмі важны крок у будаванні далейшых адносін». Ілья Лапато
|