| 
 Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, выступаючы 2
 мая ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ з дакладам пра ўзаемадзеянне
 Касцёла і дзяржавы, закрануў праблему вяртання Касцёлу забраных у 
савецкі час сакральных будынкаў. На прыкладзе магілёўскай катэдры, якая да сёння не перададзена парафіі і за якую мясцовая ўлада патрабуе плаціць арэнду, іерарх паказаў усю недарэчнасць сітуацыі, калі Касцёл вымушаюць плаціць за будынак, які першапачаткова яму і належаў.   
 Як адзначыў Мітрапаліт, для вырашэння падобных праблем сёння ў Беларусі патрэбен закон аб рэстытуцыі, падобна законам, якія былі прыняты ў Літве, Латвіі і Расіі.
  «Пасля трох пакаленняў савецкага ліхалецця ў Беларусі засталося вельмі мала гістарычных культавых будынкаў, якія раней належалі рэлігійным арганізацыям, — адзначыў іерарх. — Гэта наша нацыянальная каштоўнасць і спадчына, менавіта таму павінна быць створана дзяржаўная праграма па іх аднаўленні».
  Арцыбіскуп падкрэсліў, што менавіта сакральныя будынкі, «а не часамі архітэктурна безгустоўныя навабуды», будуць наведваць турысты і пілігрымы.
  Іерарх звярнуў увагу, што да сёння ў Беларусі не прапісаны асобныя нормы для будаўніцтва касцёлаў, а тэрмін іх будаўніцтва па-ранейшаму вызначаецца нормамі для ...клубаў і дамоў культуры.
  «Касцёлы будуюцца за ахвяраванні вернікаў, а не за дзяржаўныя сродкі, як у выпадку з дамамі культуры, — заўважыў іерарх. — Атрымліваецца, што паводле гэтых нормаў касцёл павінен будавацца за год, а то і менш. Як гэта магчыма?» 
  (IL)
 
  
 |