Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш
Кандрусевіч 2 мая выступіў у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце
Рэспублікі Беларусь з дакладам, прысвечаным адносінам паміж рэлігійнымі
арганізацыямі і дзяржавай. У сваім дакладзе іерарх падкрэсліў, што ў Беларусі наспела рэформа дзяржаўна-рэлігійных адносін.
Пра прынцып аўтаноміі рэлігіі і палітыкі
«У аснове адносін Касцёла і дзяржавы знаходзяцца словы Хрыста: “Богу — Богава, а Цэзару — цэзарава”. Адсюль і галоўны прынцып вучэння Касцёла аб аўтаноміі рэлігіі і палітыкі, Касцёла і дзяржавы, — сказаў іерарх. — Такая норма ў большасці краін свету ўспрымаецца як агульнапрынятая».
Тым не менш, як адзначыў арцыбіскуп, аўтаномнасць не азначае ўзаемнай ізаляцыі Касцёла ад дзяржавы, бо яны «хоць і рознымі спосабамі, аднак служаць тым самым людзям».
«Касцёл не патрабуе для сябе ніякіх прывілеяў, а толькі прызнання правоў, патрэбных для яго дзейнасці», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Падпісанне канкардату дасць магчымасць выконваць місію Касцёла
Іерарх дадаў, што сёння адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржавамі рэгулююцца праз заключэнне спецыяльных пагадненняў — канкардатаў. Такія пагадненні, паводле Мітрапаліта, на міжнародным узроўні вызначаюць правы і абавязкі бакоў – Апостальскага Пасаду і канкрэтнай дзяржавы.
Арцыбіскуп зазначыў, што размовы пра падпісанне канкардату ўжо шмат гадоў вядуцца і ў Беларусі:
«У гэтым зацікаўлены абодва бакі, — падкрэсліў іерарх. — Аднак, яшчэ далёка не ўсе праблемы, звязаныя з падрыхтоўкай такога пагаднення, вырашаны, хоць мы спадзяёмся на прагрэс у гэтай важнай справе».
Паводле іерарха, падпісанне такога дакумента ў Беларусі «дасць новыя магчымасці ў выкананні місіі Касцёла ў краіне ў адпаведнасці з кананічным правам і традыцыяй Касцёла», а сам дакумент будзе спрыяць «павышэнню іміджа Беларусі на міжнароднай арэне». У сваім дакладзе Мітрапаліт Кандрусевіч закрануў і пытанні абнаўлення заканадаўства ў рэлігійнай сферы, якія сёння рэгулююцца артыкуламі Канстытуцыі і Законам «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях».
«Гэты закон агульны для ўсіх рэлігій і канфесій, — сказаў іерарх. — Але варта падкрэсліць, што для поўнага права на свабоду веравызнання неабходны дзяржаўна-канфесійныя пагадненні, якія ўлічвалі б асаблівасці розных канфесій і рэлігій», — падкрэсліў Мітрапаліт.
«Вось таму Апостальскі Пасад і імкнецца да падпісання такога пагаднення. Без яго Касцёл не можа ў поўнай меры ажыццяўляць сваю дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь, як гэта адбываецца ў іншых краінах», — сказаў арцыбіскуп.
Таксама ў дакладзе каталіцкі іерарх закрануў тэму неабходнасці ў Беларусі закона аб рэстытуцыі, спрашчэння парадку атрымання дапамогі некамерцыйнымі арганізацыямі, спрашчэння дазволу на служэнне ў краіне замежных святароў, унармаванне рэлігійнага выхавання ў школах і шэраг іншых момантаў.
У мерапрыемстве ў межах праграмы павышэння кваліфікацыі прынялі ўдзел кіраўнікі галоўных упраўленняў, аддзелаў ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў, гарвыканкамаў, райвыканкамаў і мясцовых адміністрацый раёнаў, якія курыруюць пытанні рэлігій і нацыянальнасцей.
Ілья Лапато, фота кс. Кірыла Бардонава
|