На завяршэнне сімпозіума ў Жодзіне Мітрапаліт Кандрусевіч выступіў з дакладам пра тэалогію фацімскіх аб’яўленняў |
Іерархі |
16.05.2017 12:13 |
Даклад на тэму «Тэалогія фацімскіх аб’яўленняў і іх актуальнасць у наш час», з якім арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў 15 мая на завяршэнне фацімскага сімпозіума ў Жодзіне, можна пачытаць у раздзеле «Бібліятэка».
У дакладзе іерарх нагадаў, што сёлета свет адзначае два 100-гадовыя Юбілеі — фацімскіх аб’яўленняў, якія прадказалі гісторыю развіцця свету ў ХХ стагоддзі, і Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая стала прычынай пераследу веры і цывілізацыйнай катастрофы. Паводле Мітрапаліта, сёлета гісторыя дае добрую нагоду супрацьпаставіць гэтыя дзве гістарычныя падзеі, якія так моцна паўплывалі і надалей уплываюць на развіццё Беларусі і свету. «Яшчэ зусім нядаўна здавалася, што ідэі рэвалюцыі і атэістычнай ідэалогіі перамаглі. Але гісторыя паказала, што не яны, а Бог кіруе светам. Гэта мы зведваем і ў Беларусі, хоць працэс як духоўнага, так і грамадскага адраджэння не з’яўляецца лёгкім і патрабуе шмат часу і высілкаў», — зазначыў арцыпастыр. Такім чынам, фацімскае пасланне Марыі ўваходзіць у сучасную гісторыю Касцёла і чалавецтва, а таксама прадстаўляе новую візію для яе разумення. «Фацімскае пасланне мела і надалей мае вялікі ўплыў на гісторыю свету і Касцёла, — адзначыў іерарх. — Яно паказвае, што галоўным дырыжорам чалавечых лёсаў з’яўляецца Божы Провід, а фацімскі шлях застаецца праграмай маральнага аднаўлення чалавецтва. Гэта праграма актуальная для ўсяго свету, у тым ліку і для Беларусі». (IL) |