Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Робэр Сара ўзначаліў святую Імшу, прысвечаную 20-годдзю ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.06.2011 14:24

19 чэрвеня 2011 г., ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, на плошчы перад касцёлам св. Сымона і св. Алены ў Мінску адбылася ўрачыстая літургія, якую ўзначаліў старшыня Папскай рады «Cor Unum» кардынал Робэр Сара. Перад святой Імшой сабраныя на плошчы вернікі сардэчна віталі госця з Ватыкана, які разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам прыбыў да святыні.

На пачатку набажэнства Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў пра вялікую гадавіну, якая адзначаецца ў гэты дзень, — 20-годдзе ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі, «падзею, якая кардынальна змяніла сітуацыю Касцёла ў Беларусі». Менавіта тут, каля Чырвонага касцёла, 20 год таму першы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі атрымаў палій ад Папы. Затым беларускі арцыпастыр прывітаў кардынала Сара, радзімай якой якога з’яўляецца Афрыка, на яго роднай мове словамі: «Сардэчна вітаю Вас. Супакой Божы!» Арцыбіскуп Кандрусевіч прывітаў таксама іншых шаноўных гасцей — духавенства з Масквы, Мітрапаліта Рыжскага арцыбіскупа Збігнева Станкевіча, іерархаў з Украіны, Гродзенскага ардынарыя біскупа Аляксандра Кашкевіча, біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна, дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янку, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, прадстаўнікоў Ватыканскага радыё, прадстаўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы а. Аляксандра Шымбалёва, іншых замежных гасцей — у тым ліку з Польшчы, Германіі і Англіі. Іерарх таксама шчыра падзякаваў усім вернікам, якія прыйшлі на ўрачыстасць.

Затым да прысутных звярнуўся кардынал Робэр Сара. «У вашай краіне я знаходжуся ўпершыню. Мне вельмі прыемна, што Святы Айцец накіраваў мяне прадстаўляць яго на гэтай урачыстасці, — адзначыў госць. — Сёння праз мяне, пакорнага слугу, вы адчуваеце сябе ў еднасці са сталіцай Апостала Пятра». Кардынал згадаў, што 20 гадоў таму ў Беларусі была нанава ўстаноўлена іерархія Касцёла, і гэта дапамагло беларускім католікам «бачыць будучыню з надзеяй і верай».

«Ваша адзінства з Апосталам Пятром дапаможа вам заўсёды быць вернымі свайму пасланніцтву, — працягваў ватыканскі іерарх. — Каталіцкі Касцёл у Беларусі хоча ўнесці ўклад у супольнае дабро ўсіх людзей. Заклікаю не страціць ваша штодзённае адзінства і адзінства з вашымі пастырамі».

Гамілію прамовіў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Кажучы пра ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, арцыпастыр падкрэсліў, што «чалавек не здольны пазнаць таямніцу Найсвяцейшай Тройцы, і толькі Бог нам яе аб’яўляе». «Бог Айцец — гэта пачатак усяго. Ён адвечна нараджае Сына, які ўцелавіўся для нас і нашага збаўлення і які пасылае нам Святога Духа Суцяшыцеля, каб весці Касцёл у новую будучыню», — дадаў Мітрапаліт. Словамі, якія Езус сказаў апосталу Пятру: «Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16, 18), Хрыстус «нагадаў пра тое, што Касцёл будзе існаваць вечна, нягледзячы на ўсе перашкоды і цяжкасці».

Мітрапаліт прыгадаў вернікам гісторыю хрысціянства на нашых землях, у тым ліку перыяд ганенняў, якія зведаў Касцёл. Устанаўленне ж дыяцэзій і мітраполіі, якое адбылося нарэшце пасля гэтага цяжкага перыяду, «паклала мяжу трываючай на працягу трох пакаленняў няпэўнасці, калі не было сваіх біскупаў, а толькі генеральныя вікарыі, якія прызначаліся біскупамі з-за мяжы». У сваю чаргу, уручэнне палія першаму Мінска-Магілёўскаму Мітрапаліту арцыбіскупу Казіміру Свёнтку «было не толькі сімвалічным жэстам, але падкрэсліла яго ўладу і сувязь з біскупам Рыма як наступнікам св. Пятра і Апостальскім Пасадам».

«За мінулыя 20 гадоў Каталіцкі Касцёл у Беларусі прайшоў фазу свайго станаўлення і арганізацыі неабходных структур», — працягваў арцыбіскуп Кандрусевіч. Як згадаў іерарх, сёння «Касцёл прымае актыўны ўдзел у вырашэнні многіх сацыяльных праблем нашага грамадства, у першую чаргу такіх, як праблемы сям’і, аховы жыцця, прафілактыкі СНІДУ, дапамогі бедным і патрабуючым, сацыяльнай справядлівасці, выхавання моладзі на маральных прынцыпах і г. д». Асаблівая ўвага «ўдзяляецца развіццю адносін з іншымі веравызнаннямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, з якой мы маем некаторыя сумесныя праграмы і стараемся сумесна адказваць на балючыя выклікі нашага секулярнага часу, а таксама сумесна сведчыць і бараніць хрысціянскія каштоўнасці».

Разам з дасягненнямі, аднак, існуюць і праблемы: адчуваецца недахоп святароў, і таму неабходна дапамога духавенства з-за мяжы; «многае трэба ўчыніць у галіне фармацыі свецкіх вернікаў, асабліва адносна іх пачуцця адказнасці за Касцёл і хрысціянскага сведчання ў розных жыццёвых абставінах»; «неабходна новая інкультурацыя веры ў кантэкст…беларускай рэлігійнай рэчаіснасці, якая адчувае на сабе як наступствы атэізацыі трох пакаленняў, так і працэс нялёгкага адражэння рэлігійнасці ў складаных абставінах наступаючага секулярызму».

«Нельга ігнараваць публічнае значэнне веры; трэба паказаць, што жыць паводле закону Божага не толькі справядліва, але і карысна для ўсяго грамадства. Толькі тады вера зможа ўнесці свой уклад у маральнае адраджэнне народа», — падкрэсліў у сваёй гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч.

Пасля святой Імшы адбылася працэсія вакол касцёла. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі асабліва адзначыў учынак вернікаў, якія прыйшлі на літургію, нягледзячы на дрэннае надвор'е, і ў дождж стаялі на каленях, што было нават у пэўным сэнсе сімвалічным жэстам веры.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.