Канферэнцыя «Збудаваныя на Хрысце»: «Я ёсць Жыццё — жывіце Мною» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія | ||||
06.08.2011 12:32 | ||||
А 9 гадзіне раніцы 6 жніўня ў івянецкай святыні распачалася Ютрань для ўсіх удзельнікаў ІІ Усебеларускай сустрэчы моладзі. Казанне да маладых вернікаў прамовіў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Аляксандр Велікаселец. Падмацаваныя супольнай малітвай, усе тыя, каго ў гэтыя дні сабраў у Івянцы добры Бог, праслухалі чарговую канферэнцыю з тых, што запланаваны праграмай сустрэчы. Тэма канферэнцыі — «Збудаваныя на Хрысце». З палымянай прамовай да моладзі звярнуўся а. Павел Рудзьман OCD.
Святар заклікаў моладзь, перш за ўсё, абудзіцца. Абудзіцца, каб пачаць будаваць жыццё разам з Хрыстом, згодна з Яго праўдай і Яго запаведзямі. «Чым ёсць гэтае абуджэнне?» — разважае прамоўца і запрашае маладых слухачоў да сумеснага пошуку адказаў. Можа, гэта пастановы, якія мы сабе даём, ці, можа, гэта пермены, якія адбываюцца ў Касцёле? Аднак варта ўсвядоміць, што кожны чалавек паасобку і ёсць тым Касцёлам. Калі няма любові і гармоніі ў гэтым Касцёле, няма іх ў святынях нашых сэрцаў. А. Павел Рудзьман OCD акцэнтаваў ўвагу на той думцы, што няма сэнсу адцягваць велічны момант будаўніцтва свайго рэлігійнага жыцця. Не трэба чакаць заўтрашняга дня, не трэба азірацца на дзень учарашні. Будуйце жыцце разам з Езусам Хрыстом сёння! І — галоўнае — калі пачынаеце будаваць, не будзьце цёплыя, але гарачыя. «Чым ёсць гэтая цеплыня? Яе можна параўнаць з літаргічным сном. Чалавек знаходзіцца ў стане нейкай невясомасці», — кажа а. Павел. Гарачым быць — значыць, быць праўдзівым. «Езус кажа: “Слухайце, змяняйцеся, дайце мне ўвайсці ў вашае жыццё, каб Я мог сказаць, што люблю цябе, каб ты пазней, будуючы сваё жыццё на Мне, мог змяніць жыццё іншых людзей”, — разважае прамоўца. — Езус заўсёды паслугуецца людзьмі». Напрыканцы свайго выступлення а. Павел Рудзьман OCD перасцярог маладых людзей ад распаўсюджаных, але, на жаль, памылковых і беспадстаўных нараканняў многіх людзей, якія не могуць зразумець найвялікшага Божага плану. “Бог даў нам вочы, але забараняе глядзець на многія рэчы; Бог даў нам пачуцці, але не дазваляе перажываць многія з іх; Бог даў нам сэрца, але мы не можам любіць усіх», — скардзяцца людзі слабой веры. Чалавек, моцны ў Хрысце, павінен разумець: Бог даў нам вочы, каб мы бачылі, які прыгожы гэты свет, каб мы бачылі іншых людзей; Бог даў нам сэрца, ка бы мы любілі Яго і іншага чалавека; Бог даў нам пачуцці, каб мы маглі радавацца, плакаць, перажываць. «Мае дарагія, — звярнуўся да моладзі святар на заканчэнне сваёй прамовы, — будзьце мужнымі, не змешвайцеся з шэрасцю натоўпу. “Я ёсць Дарога — ідзіце па гэтай дарозе. Я ёсць Праўда — верце ў гэтую праўду. Я ёсць Жыццё — жывіце Мною, будуйце на Мне”, — кажа Езус. Амэн». Алена Рулевіч |