Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Канферэнцыя «Моцныя ў веры»: «Жыццё, пражытае з Богам, — непаўторная прыгода!»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.08.2011 18:47

Працягваецца II Усебеларуская малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы, якая распачалася 5 жніўня. Пасля абеду ў суботу, 6 жніўня, з моладдзю паразмаўляў кс. Вячаслаў Барок. Ен прамовіў да маладых людзей канферэнцыю на тэму «Моцныя ў веры».

 Адкрыць у новым акне Download (5Мб)

Быць моцным у веры — гэта зусім не азначае не мець сумненняў у сваёй веры. Моцныя ў веры людзі сумняваліся, памыляліся, яны нават грашылі, адыходзілі ад Бога. Але гэта не перашкаджала ім моцна верыць. Вось толькі такім людзям заўседы спадарожнічае дух адкрытасці на перамены, на той шлях, якім вядзе Бог. З такога моцнага пасылу да роздуму распачаў сваю прамову кс. Вячаслаў. Свае думкі святар падмацаваў прыкладам Абрагама, які, будучы адкрытым на волю Божую, не пабаяўся ў 70 гадоў радыкальна змяніць жыццё: выйсці з той зямлі, дзе жыў, і ісці туды, куды павёў яго Бог. Абрагам не баяўся пераменаў і стаў моцным у веры, стаў праайцом народу веруючага.

Такім чынам, святар падвёў да думкі, што моцны ў веры чалавек — гэта той чалавек, які не баіцца, што Бог ад яго будзе чагосьці патрабаваць і будзе заахвочваць да зменаў у жыцці.

У сваіх разважаннях кс. Вячаслаў закрануў яшчэ адзін, не менш значны аспект пытання аб моцнай веры. «Справа веры актуальная не ўвесь час, а толькі тады, калі чалавек упісаны ў кантэкст гістарычны, калі ён жыве на гэтым свеце, — кажа святар. — У жыцці вечным не будзе веры. Там застанецца толькі любоў, жыццё з Богам». З гэтага вынікае відавочны факт, які агучыў прамоўца: «Разважанні аб моцнай веры неактуальныя ў касцёле, тады, калі мы молімся; справа веры актуальная, калі мы з касцёла выходзім, а значыць, дазваляем упісацца ў гістарычны кантэкст і разам з тым аддаемся ўсім аспектам чалавечага жыцця. Прасцей кажучы, трэба задаваць сабе пытанне, што значыць быць моцным ў веры, калі знаходзішся ў сваёй сям’і, школе, на працы».

Такое разуменне пытання павінна вызначаць і светапогляд маладых людзей, калі размова ідзе пра іх жыццё і дзейнасць у роднай краіне. Чаму за апошнія дзесяць гадоў насельніцтва Беларусі паменшылася на 500 тысяч чалавек? Чаму, калі маладыя людзі жадаюць рэалізаваць сябе ў гэтым жыцці, усімі магчымымі спосабамі імкнуцца атрымаць адукацыю і працаваць за мяжой? Чаму Беларусь лідыруе сярод краін Еўропы па колькасці здзейсненых суіцыдаў? Чаму статыстыка сведчыць аб тым, што колькасць насельніцтва ў краіне памяншаецца, а колькасць выпітага алкаголю павялічваецца? З такімі вострымі пытаннямі звярнуўся да маладой аўдыторыі кс. Вячаслаў і заклікаў мяняць гэтую памылковую тэндэнцыю: праблемы немагчыма вырашыць, выехаўшы з краіны. Бог даў нам гэтую зямлю, дазволіў тут жыць і даў заданне будаваць такое жыццё, якое Ён хоча бачыць, на фундаменце Евангелля.

Быць моцным у веры — гэта азначае і быць прысутным у касцёле, і слухаць Святое Пісанне, і знайсці сваё месца ў гістарычным кантэксце. А гісторыя Святога Пісання паказвае, што няма рэчаў немагчымых для чалавека, які верыць. «Хрысціянін не мае права прагібацца пад свет. Хрысціянін зробіць так, каб свет прагнуўся пад яго і жыў па прынцыпах Божых», — заключыў святар.

«Будзьце моцныя ў веры. Жыццё, пражытае з Богам, — гэта непаўторная прыгода!» — пажадаў маладым вернікам кс. Вячаслаў.

Алена Рулевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.