Сімпозіум «Парафія — асяродак жыцця кожнага верніка» адбыўся ў Мінску |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
19.10.2011 18:32 |
З наступным дакладам «Псіхалогія сённяшняй парафіі. Святар і вернікі» выступіў а. Пётр Бялевіч ОМІ, душпастыр сем’яў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Святар заахвоціў духавенства быць у сваёй працы бліжэй да вернікаў і супрацоўнічаць з імі, бо свецкія вернікі — «арганічная частка» вінаградніка Пана. Вялікая ўвага ў ходзе выступлення была ўдзелена і пытанню паклікання свецкіх вернікаў у парафіі. Удзельнікі сустрэчы пачулі таксама пра важнасць працы з моладдзю, асабліва са студэнтамі. На першым жа месцы ў парафіяльным душпастырстве, па словах дакладчыка, павінны быць сем’і. Дзейнасць выдавецтва «Про Хрысто» прадставіла дырэктар выдавецтва Аліна Новікава. Было распаведзена аб працы выдавецтва ад вытокаў яго дзейнасці да сённяшняга дня. Прысутныя пачулі пра гісторыю ўзнікнення добра вядомых сёння каталіцкіх часопісаў — «Наша вера», «Ave Maria», «Маленькі рыцар Беззаганнай». Як адзначыла дырэктар выдавецтва, за гады сваёй працы яно стала ўжо сапраўднай візітнай карткай Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Аб дзейнасці каталіцкага дабрачыннага фонду «Карытас» распавёў дырэктар «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандр Фаміных. У ходзе сустрэчы адбылася прэзентацыя «Кампендыя сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла» на беларускай мове, пераклад якога здзейсніла нядаўна Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Выданне прэзентаваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Затым адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і святая Імша з удзелам біскупаў Беларусі. У гаміліі падчас літургіі Мітрапаліт Кандрусевіч звярнуўся да духавенства з такімі словамі: «Часам нам здаецца, што заданне, якое Бог паставіў перад намі, перавышае нашы сілы. Тады трэба ўгадаць тую праўду, што Хрыстус памёр крыжовай смерцю дзеля нашага збаўлення. Гэта нагадвае пра тое, якой вялікай абразай Бога з’яўляецца грэх, калі для таго, каб яго перамагчы, патрэбна смерць Сына Божага, і адначасова якой важнай перад Богам з’яўляецца душа чалавека. Разважаючы аб гэтым, нам трэба адкласці ўбок расчараванні і заставацца вернымі ў служэнні тым, да каго мы пасланыя». Поўны тэкст гаміліі тут>>> Напрыканцы святой Імшы да прысутных звярнуўся новапрызначаны Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. «Вялікай спакусай нашага часу з’яўляецца сядзець і адпачываць, чакаючы, што гэты свет міне», — заўважыў іерарх. На самой жа справе, як падкрэсліў, «мы пакліканы быць сведкамі Божай любові» ў свеце. Звяртаючыся да святароў і кансэкраваных асобаў, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы параіў часцей задаваць сабе пытанне: ці палае яшчэ ўва мне першапачатковы агонь паклікання? Даклад «Новыя этапы развіцця парафіі» агучыў кс. Віктар Ханько. Святар узгадаў пра існуючыя ў свеце праблемы, якія стаяць сёння перад Касцёлам у цэлым і перад парафіяй у прыватнасці, указаў на заданні, якія неабходна рэалізоўваць у парафіі. Было распаведзена таксама пра каталіцкія рухі, якія дзейнічаюць у парафіях. Дакладную і падрабязную інфармацыю пра парафію ў святле Кананічнага Права прадставіў кс. Дзмітрый Барыла ў сваім выступленні на тэму «Парафія, яе члены і іх абавязкі паводле Кодэкса Кананічнага Права». Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |