У Мінск прыбыў бэтлеемскі агонь |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
17.12.2011 23:07 |
У суботу 17 снежня агонь з базылікі Нараджэння Пана ў Бэтлееме прыбыў у архікатэдральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і іншыя парафіі сталіцы. Ужо ў дванаццаты раз у нашую краіну яго дастаўляюць каталіцкія скаўты. Бэтлеемскі агонь аб’ядноўвае не толькі жыхароў розных краін, але і прадстаўнікоў розных веравызнанняў: святло Бэтлеема трапляе як у каталіцкія, так і праваслаўныя святыні Беларусі. Гэты сімвал Божай любові і паяднання беларусам перадалі польскія скаўты на польска-беларускай мяжы каля Гродна. Адтуль агонь праз Гродна, Мінск, Віцебск даставяць у Маскву. «Сёння мы вітаем агонь з Бэтлеема, дзякуючы чаму можам злучыцца ў адну малітоўную групу вернікаў, якія чакаюць Божае Нараджэнне. Гэта агонь, які яднае і нагадвае пра тое, што адбылося ў Бэтлееме дзве тысячы гадоў таму. Кожны можа запаліць свечку ад бэтлеемскага агню і занесці яе дадому як сімвал прымірэння і паяднання са сваімі блізкімі і роднымі, каб у згодзе і радасці сустрэць свята нараджэння Пана», — адзначыў кс. Антоні Клімантовіч, пробашч архікатэдральнай парафіі. Перадкалядную традыцыю распасюджвання Бэтлеемскага агню распачалі ў 1986 г. у аўстрыйскім горадзе Лінц. Першапачаткова яна планавалася, як акцыя ў перыяд калядных святаў з мэтай падтрымкі дзяцей-інвалідаў і ўсіх, хто патрабуе дапамогі і ўвагі. Гэтую высакародную справу адразу ўзялі ў свае рукі еўрапейскія скаўты. Кожны год аўстрыйскія скаўты бяруць агонь ў месцы нараджэння Езуса Хрыста ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме і дастаўляюць яго самалётам у Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцяў у катэдральным касцёле ў Вене агонь перадаецца ў іншыя краіны. |
Фотарэпартаж |