70 гадоў цуду ў вёсцы Вынішчы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
20.02.2013 11:57 |
Самы радасны парафіянін Ватан Лапковіч штогод разам з вяскоўцамі моліцца на месцы тых крыжоў (цяпер там устаноўлены новыя), дзе 70 гадоў таму, ён жа, будучы 18-гадовым юнаком, маліўся і прасіў Божай дапамогі аб выратаванні вёскі. Даведаўшыся, што фашысты спалілі суседнюю вёску Рудню, мясцовыя жанчыны загадалі мужчынам зрабіць прыдарожныя крыжы, а самі саткалі за ноч у «аброк» (ахвяру) Богу палатно ў 6 метраў. Менавіта гэтае палатно 19 лютага 1943 г. даручылі несці ў працэсіі Ватану Лапковічу. У той працэсіі асвяцілі крыжы, маліліся ля іх, а палатно занеслі ў тагачасны драўляны касцёл.
«Я з гэтым абразком ужо 69 гадоў», — адзначае спадар Ватан, паказваючы маленькі пацёрты ад часу абразок. Ветэрана Вялікай Айчыннай заўсёды можна ўбачыць у касцёле. Мясцовы пробашч а. Генрых Кучынскі называе яго самым радасным парафіянінам. Сапраўды, на твары гэтага ўжо далёка немаладога чалавека заўсёды зіяе ўсмешка. Праўда застаўся ён ужо адзін: ад хваробы памёр сын, а некалькі гадоў таму памерла і жонка. Нягледзячы на гэта, ветэран не перастае радавацца жыццю, якое ён праводзіць з Богам. 70 гадоў цуду ў Вынішчах Праз 70 гадоў, 19 лютага 2013 г., касцёл у Вынішчах быў напоўнены вернікамі. Большасць з іх яшчэ памятаюць тыя часы ці ведаюць па аповедах бацькоў. Дзень 19 лютага калісьці для вяскоўцаў быў выхадным днём, у які яны адпачывалі ад працы і разам хадзілі ў малітоўнай працэсіі да крыжоў. Цяпер, праўда, яны і без выхаднога дня святкуюць: большасць ужо пенсіянеры, таму і ўдзень могуць сабрацца на малітву ў святыню.
Этнограф Міхась Раманюк адзначае: «Прыдарожны крыж заўжды ставiўся калектывам вёскi, i рытуал яго ўзвядзення ажыццяўляўся ў асаблiва ўрачыстай атмасферы. Яго ставiлi на скрыжаваннях дарог, пры дарозе, якая выходзiць з вёскi. Перш за ўсё ў крыжах знаходзяць адлюстраванне калектыўныя памкненнi сялянаў уратавацца ад бедаў ды нягодаў, якiя нясуць эпiдэмiя, стыхiя, вайна, пажар i многiя iншыя з’явы, што тычацца не аднаго чалавека цi адной сям’i, а ўсiх насельнiкаў вёскi». Жыхары вёскі Вынішчы, напэўна, у тыя жудасныя дні не ўспрымалі крыж як нейкі абярэг. Крыжы — гэта іх просьба да Бога. І ў ім яны атрымалі жыццё і збаўленне яшчэ тут, на зямлі. Святлана Жылевіч |
Фотарэпартаж |