Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Быць жывым табэрнакулюмам Хрыста: працэсія Божага Цела адбылася ў Мінску (+2 фотарэпартажы)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.05.2013 19:39

26 мая ў Мінску праходзіла працэсія Божага Цела з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана. Святую Імшу перад касцёлам Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

У літургіі ўдзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары і вернікі Мінска.

На пачатку Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў, што ў гэты дзень Касцёл адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, «праслаўляючы адзінага Бога ў трох Асобах». Таямніца Найсвяцейшай Тройцы, як заўважыў іерарх, цесна звязана з Эўхарыстыяй. «Сёння Езус, які быў Айцом пасланы да людзей, прыходзіць да нас у сакрамэнтах, найперш у Эўхарыстыі, даючы ласку, неабходную кожнаму верніку, — сказаў арцыпастыр. — Мы кажам, што Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, а Эўхарыстыя будуе Касцёл. Гэты Касцёл — вы, — дадаў Мітрапаліт, звяртаючыся да вернікаў. — Сёння мы, з’яднаныя, праслаўляем Святую Тройцу і пойдзем за Эўхарыстычным Езусам па вуліцах нашага горада, каб засведчыць сваю веру».

На ўрачыстасці прысутнічаў абраз Маці Божай Будслаўскай, перэгрынацыя якога адбываецца ў гэты час па Беларусі ў межах падрыхтоўкі да юбілею 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза ў Будслаў.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, звяртаючыся да ўдзельнікаў Імшы ў гаміліі і нагадваючы пра літургічнае чытанне гэтага дня, заўважыў, што яно «здаецца нам дзіўным, бо яго цяжка звязаць з таямніцай Тройцы». У гэтым чытанні прадстаўлены Бог, які стварае свет і перад якім танцуе Божая мудрасць. Айцы Касцёла, патлумачыў Апостальскі Нунцый, «бачылі ў гэтай мудрасці Божае Слова, якое супрацоўнічае з Айцом, ствараючы свет». Гэта «тое Слова, якое стане Целам праз Панну Марыю, будзе замучана і ўваскрэсне для ўсіх нас».

«Сёння з намі тая Божая мудрасць, якая весялілася і танцавала перад Божым абліччам, калі Бог ствараў свет, — адзначыў арцыбіскуп. — Гэта Езус Хрыстус, для якога было радасцю апынуцца сярод людзей». «Ваша прысутнасць — радасць, падобная да той радасці Бога быць разам з вамі, — звярнуўся прадстаўнік Святога Айца да вернікаў. — Бог шчаслівы быць у гэтым горадзе, шчаслівы прайсці з вамі, каб несці радасць і благаслаўленне ўсім яго жыхарам, нават тым, хто не верыць».

«Езус пройдзе, каб благаславіць усіх, у тым ліку хворых, самотных, — дадаў Апостальскі Нунцый. — Ён благаславіць усе будынкі гэтага горада, структуры, якія дапамагаюць у супрацоўніцтве чалавека з Богам».

«Вы — знак жывога табэрнакулюма, дзе прысутнічае Цела і Кроў Хрыста, — падкрэсліў арцыбіскуп, звяртаючыся да ўдзельнікаў літургіі. — Сённяшняе свята таксама і ваша, бо вы пройдзеце па вуліцах горада як начынне, у якім прабывае Тройца». Прадстаўнік Папы заклікаў вернікаў заўсёды быць «празрыстым табэрнакулюмам для Хрыста», каб іншыя людзі «пазнавалі, што ў нас ёсць Бог».

Апостальскі Нунцый пажадаў «добрага свята Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана», «добрага свята кожнаму, хто з’яўляецца жывым табэрнакулюмам Езуса», «добрага свята гэтаму гораду і краіне, да якіх скіраваны адкрытыя абдымкі Хрыста». «Няхай усіх вас благаславіць ўкрыжаваны і ўваскрослы Хрыстус, які працягвае танцаваць перад абліччам свайго Айца, каб паказаць, наколькі гэта цудоўна — быць разам з людзьмі», — дадаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Пасля заканчэння святой Імшы распачалася працэсія. Першым прыпынкам стала плошча Перамогі, другім — Палац Рэспублікі, трэцім — касцёл святых Сымона і Алены. На кожным прыпынку святары звярталіся да вернікаў з казаннем.

Працэсія завяршылася перад архікатэдрай Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх падзякаваў Богу за магчымасць для католікаў Беларусі сведчыць сваю веру, за добрае надвор’е, якое стаяла ў гэты дзень. Таксама арцыпастыр выказаў падзяку Апостальскаму Нунцыю, які ўзначаліў Імшу і працэсію, прысутнаму архімандрыту Сяргею Гаеку, святарам, якія ўдзельнічалі ў гэтай падзеі, арганізатарам і парафіям, якія падрыхтавалі алтары для прыпынкаў працэсіі, дзяржаўным уладам. Мітрапаліт падзякаваў і ўсім вернікам за сведчанне іх веры.

Арцыпастыр заахвоціў удзельнікаў урачыстасці быць вернымі Богу, «не забыць дарогу да касцёла», памятаючы, што «Езус заўсёды застаецца верным сваім словам: „Я ёсць Хлеб жыцця“».

Таксама вернікі разам з духавенствам памаліліся ў інтэнцыі папы Францішка. Свята завяршылася спевам гімну «Магутны Божа».

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.