Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Напярэдадні свята. Рэпартаж з Будслава (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.06.2013 21:09

Будслаў у чэрвені — як маленькі мурашнік: рабочыя ўкладваюць плітку, падфарбоўваюць фасад святыні; адкрыта нарэшце адна з бакавых вежаў, злева ад уваходу ў касцёле ўсталяваны новыя дзверы…

У парк прывезлі новыя лаўкі, абнавілі плітку, косяць траву… Але гэта далёка не ўсе цікавосткі ў Будславе напярэдадні ўрачыстасцяў. Да пачатку ліпеня чакаецца і абнаўлення ганка святыні: праекціроўшчыкі абяцаюць уладкаваць тут пандусы. На абнаўленне дарог на ўездзе ў Будслаў ужо затрачана 1,5 тыс тон (!) асфальту. І як абяцаюць дарожныя службы, да канца месяца будзе выдаткавана яшчэ столькі ж.

17 чэрвеня ў Будславе з нагоды ўрачыстасцяў у гонар 400-годдзя знаходжання тут абраза Маці Божай адбылася адмысловая нарада з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і прадстаўнікоў абл- і гарвыканкама, а таксама прадстаўнікоў дарожных і камунальных службаў, міліцыі, медыкаў, прадстаўнікоў службаў сувязі і грамадскага харчавання і інш.

На павестцы дня — падрыхтоўка да свята. Плануецца, што канчаткова ўсе работы скончаць толькі да пачатку ліпеня…

А за касцёлам у той бок, дзе стаіць вядомы ўсім пілігрымам крыж з камянямі, у высокай траве гучна стракочуць конікі. Здаецца, заплюшчыш вочы — і пазнаеш той дух лета, які заўжды спадарожнічае пілігрымам. А конікі ў траве — адзін з атрыбутаў лета, спякоты і пілігрымкі.

Недалёка адсюль на лузе наважаны конь, наводдаль — пасвіцца карова. Бачна, што карову прывялі сюды нядаўна: жывёліна ўважліва сочыць за гаспадыняй, постаць якой удалечыні з кожнай хвілінай робіцца ўсё меншай і меншай.

Вёска Будслаў жыве звыклымі клопатамі. Зазірнем глыбей.

Палеская хроніка

Вёска Палессе пешым пілігрымам добра знаёмая. Менавіта ля яе, на былым аэрадроме, і разбіваецца звычайна намётавы гарадок — начлег для пешых пілігрымаў.

«Як Вам, не перашкаджаюць пілігрымы?» — пытаемся ў мясцовай жыхаркі, дом якой зусім побач ад былога аэрадрома.

«Хоць сама я і праваслаўная, фэст мне падабаецца. А пілігрымы не перашкаджаюць, шуму ад іх няма».

Валянціна (так прадставілася жанчына) жыве ў Палессі з 1987 года. Жанчына прызнаецца, што любіць назіраць за пілігрымкамі. А адзін з яскравых успамінаў — гэта малітва пілігрымаў перад зачыненымі дзвярыма ў касцёл ў пач. 90-х: грашовыя ахвяраванні людзі падсоўвалі тады акурат пад дзверы святыні…

Па суседству адсюль стаіць хата 69-цігадовага Міраслава Анікі (на фота злева), які ў будслаўскіх мясцінах пражыў усё жыццё. У Палессі ў яго свой дом: тут, акрамя яго і жонкі, жыве таксама дачка, зяць і ўнук.

«У касцёл я хаджу змалку. Сюды. У Будслаў, — расказвае Міраслаў, — Быў міністрантам, а сёння міністрант — ужо мой унук. Але раней як было — забаранялі маліцца. Старшыня калгаса, які павінен быў усіх пільнаваць, сам уціхую прыходзіў на Імшу, але не для таго, каб нас запісаць, а каб памаліцца (усміхаецца — Аўт.). Увогуле, калі б не будслаўскі касцёл, калі б не пілігрымы, тут пра нас даўно б усе забыліся. Мы ж тут у куце зусім. Ніхто да нас не едзе. А так вёска яшчэ жыве. І мы ў ёй».

Памятае Міраслаў Аніка і …падземны ход у будслаўскім касцёле.

«Ход ёсць, я па ім нават сам хадзіў. Гэта было ў 50-я. Ход знаходзіўся ў правай званіцы і пад зямлёй ішоў праз увесь парк. Я тады змог прайсці метраў 300-400, але вымушаны быў вяртацца, бо цяжкае паветра — можна было задушыцца. Вышыня — чалавек мог там спакойна стаяць. Таўшчыня хода — сантыметраў 80. Казалі, што ход вядзе да капліцы на могілках».

Будслаў і «Красная площадь»

У хаце бабы Рэні, якая жыве адразу за будслаўскім касцёлам, грае Беларускае радыё і смачна пахне тварожнікамі. Сама баба Рэня (па пашпарту Ірына Ермалковіч) сядзіць ля печы і, зняўшы хустку, згадвае сваё жыццё і распавядае пра суседства з нацыянальным санктуарыем.

Жанчыне 82 гады. У Будслаў яна прыехала ў 1954-м, калі мужа-краўца накіравалі сюды працаваць. Жыллё яны спачатку здымалі, аж пакуль не купілі ў вёсцы хату — адразу за касцёлам на колішняй кляштарнай зямлі. Сімвалічным стаў і новы адрас: «Будслов. Красная площадь».

«Сама я праваслаўная, таму асабліва шмат не раскажу, — пачынае кабета і апісвае свой пераезд сюды. — Тата тады апошнюю карову, помню, прадаў — гэта каб нам з рублём памагчы. І колькі тут жыву — ужо і мужа пахавала — жывецца тут спакойна, зямля добрая», — рэзюмуе Ірына Міхайлаўна.

«Быў тут кавалак цаліны — бульба ў мяне там не расла, то я аддала гэты кавалак бэрнардынцам, можа, на што прыдасца. Увогуле сёлета тут шмат хто прыязджае: машыны толькі і жахаюць за акном. Хутка — фэст».

За фэстам баба Рэня не сочыць, хоць і ведае, што сёлета ўрачыстасці будуць не зусім звычайнымі. Жыве кабета сваімі клопатамі: бядуе пра няскошаную траву і чакае, калі прывязуць яшчэ адну машыну дроў.

«Я ведаю, што мая хата стаіць на кляштарнай зямлі, але з’язджаць адсюль я ўжо не хачу. Столькі гадоў тут. Я не ведаю, ці будзе мой сын жыць тут пасля маёй смерці (у яго група), але, спадзяюся, знойдзецца калі якая нявестка і не дасць дому прапасці…»

«У вайну касцёл хацелі ўзарваць»

Шмат з таго, пра што сёння многія забыліся або ніколі і не ведалі, добра памятаюць старажылы Будслава. Напрыклад, пра аркестр пры пажарнай частцы або пра пякарню ў вёсцы. 

Яўрэйскі квартал у цэнтры Будслава добра памятае 79-гадовы Францішак Станіслававіч Жук (на фота). Яшчэ мужчына добра запомніў будслаўскі касцёл падчас вайны.

«Немцы як адыходзілі, то пад касцёлам вельмі шмат бомбаў пакінулі. Відаць, замініраваны быў. Увогуле касцёл, помню, быў замаляваны зялёнай фарбай. І казалі хавацца, бо касцёл узрываць будуць. Але аднойчы на раніцу прачнуліся — ні немцаў, ні бальшавікоў, а касцёл стаіць… »

 

***
Дзякаваць Богу, святыня ўцалела не толькі ў вайне, але і ў небяспечныя мірныя часы — ужо ў Савецкай Беларусі. І сёння пілігрымам ужо не трэба прасоўваць пад дзверы святыні свае інтэнцыі або грашовыя ахвяраванні — касцёл адкрыты для кожнага пілігрыма.

На сёлетні фэст у Будславе чакаюць больш за 30 тысяч чалавек. На ўрачыстасць запрошаны 12 біскупаў і прадстаўнікі ўсіх дыпламатычных місій, якія працуюць у Беларусі.

…Дзень мінае, а людзей ля касцёла не меньшае — раз-пораз пад’язджаюць сюды гружаныя неабходнымі матэрыяламі машыны. Гул іх матораў гучна разносіцца па наваколлі. Але нават гэты гул, калі ўслухацца, не можа заглушыць шчабятання ластавак, якія лётаюць ля сваіх гнёздаў, зладжаных акурат у касцёльных вежах. Глядзіш на іх і разумееш: ластаўкі нібы таксама імкнуцца дапамагчы ў падрыхтоўцы святыні да свята. Чарга цяпер толькі за намі. Людзьмі. Каб у ліпені прыйсці ў Будслаў падрыхтаванымі духоўна.

Ілья Лапато OCDS

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.