Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выпушчаны паштовы блок і манета з нагоды юбілея 400-годдзя прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.06.2013 13:19

Прэзентацыя паштовага блока і манеты Нацыянальнага банка Беларусі, выпушчаных з нагоды святкавання юбілея 400-годдзя прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе, адбылася падчас прэс-канферэнцыі, якая 20 чэрвеня прайшла ў Мітрапалітальнай курыі ў Мінску.

У прэс-канферэнцыі прымалі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай а. Віктар Бурлака OFM, загадчык аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Таццяна Хмель, Аксана Навасёлава з Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, загадчык выдавецкага аддзела РУП «Белпошта» Іван Лукін.

У ходзе прэс-канферэнцыі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў падзяку дзяржаўным уладам, у прыватнасці Мінскаму аблвыканкаму і старшыні аблвыканкама Барысу Батуру за дапамогу ў падрыхтоўцы да святкавання.

Арцыбіскуп адзначыў, што кожны год на ўрачыстасці ў Будславе збіраюцца каля 30 тысяч чалавек, а сёлета чакаецца каля 45 тысяч. Звычайна ў Нацыянальны санктуарый прыбываюць каля 3,5–4 тысяч ўдзельнікаў пешых пілігрымак.

На ўрачыстасці запрошаны святары і іерархі з-за мяжы. На сённяшні дзень свой прыезд ужо пацвердзілі іерархі з Польшчы, Украіны, Румыніі і Італіі. Таксама запрашэнні атрымалі прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Лютэранскай Царквы, іўдзейскай і мусульманскай супольнасцяў у нашай краіне.

Мітрапаліт узгадаў, што Святы Айцец Францішак накіраваў на будслаўскія ўрачыстасці свайго спецыяльнага легата — старшыню Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынала Жана-Луі Тарана. «Для Касцёла ў Беларусі і для ўсёй нашай краіны вялікі гонар прымаць прадстаўніка Папы такога рангу», — падкрэсліў іерарх. 6 ліпеня ў 11 гадзін кардынал Жан-Луі Таран узначаліць галоўную святую Імшу ў Будславе, а 7 ліпеня ў 13 гадзін — Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі з удзелам епіскапату Беларусі.

Арцыпастыр выказаў надзею, што «юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе паспрыяюць адраджэнню веры ў Беларусі».

Кусташ Нацыянальнага санктуарыя а. Віктар Бурлака распавёў пра падрыхтоўку да будслаўскіх урачыстасцяў. Святар адзначыў падтрымку дзяржавы, дзякуючы якой удалося многае зрабіць па добраўпарадкаванні тэрыторыі ў Будславе, а таксама падкрэсліў духоўны аспект падрыхтоўкі. Па словах кусташа, перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай стала сапраўдным «духоўным выбухам» для Беларусі ў час, калі Каталіцкі Касцёл перажывае Год веры. «Ва ўсіх парафіях людзі ахвотна сустракаюць абраз, перад ім адбываецца святая Імша. Гэты абраз — сапраўдная святыня Беларусі, ён увабраў у сябе малітвы людзей на працягу чатырох стагоддзяў, — сказаў а. Бурлака. — Важна, што мы, людзі ХХІ стагоддзя, можам дакрануцца да гэтай гісторыі».

Загадчык аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Таццяна Хмель расказала пра ўдзел аблвыканкама ў падрыхтоўчай працы да ўрачыстасцяў. Былі вылучаны грашовыя сродкі, каб добраўпарадкаваць тэрыторыю каля касцёла ў Будславе і палепшыць выгляд самой святыні. На сёння працы па добраўпарадкаванні тэрыторыі амаль скончаны. На маршрутах, па якіх у Будслаў будуць прыбываць пілігрымы, размесцяцца стаянкі, дзе вернікі змогуць адпачыць. Таксама будуць падрыхтаваны пункты медыцынскай дапамогі і камеры захоўвання рэчаў.

Упершыню ў святкаванні прыме ўдзел сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага пад кіраўніцтвам Грыгорыя Сарокі. На ўрачыстасці запрошаны прадстаўнікі дзяржаўнай улады. Запланавана таксама трансляцыя святочных мерапрыемстваў. Як дадала Таццяна Хмель, робіцца ўсё неабходнае, каб сёлетнія ўрачыстасці прайшлі на высокім узроўні.

Прадстаўнік Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Аксана Навасёлава расказала пра памятныя манеты «400 гадоў прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе», якія 12 чэрвеня увёў у абарачэнне Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь.

Выпушчаны сярэбраная манета наміналам 10 рублёў і медна-нікелевая наміналам 1 рубель. На аверсе манеты ўверсе — рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, у цэнтры манеты — выява будслаўскага касцёла, абрамленая стужкай з надпісам «Санктуарый Маці Божай у Будславе», па крузе на фоне арнаментальнай паласы надпісы: уверсе — «Рэспубліка Беларусь», унізе справа — год чаканкі. На рэверсе ў цэнтры — выява абраза, абрамленая стужкай з надпісам «Маці Божая Будслаўская», па крузе манеты — арнаментальная паласа. Аксана Навасёлава падзякавала прадстаўнікам Касцёла ў Беларусі і выдавецтву «Pro Christo» за супрацоўніцтва.

Загадчык выдавецкага аддзела РУП «Белпошта» Іван Лукін распавёў пра паштовы блок, выдадзены з нагоды юбілея. Паштовы блок, у які ўваходзяць марка, канверт і штэмпель, выйшаў тыражом 15 тысяч экземпляраў і выкананы ў даволі складанай паліграфічнай тэхніцы. Як адзначыў Іван Лукін, «паштовая марка — гэта, як вядома, візітная картка краіны ў свеце, а не толькі знак паштовай аплаты».

Гашэнне маркі адбудзецца пасля галоўнай святой Імшы ў Будславе, якая распачнецца 6 ліпеня ў 11 гадзін. Яго здзейсніць папскі легат кардынал Жан-Луі Таран.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.