Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Будслаў і сведчанні: «Прапанову рукі і сэрца будучы муж зрабіў мне пасля начной Імшы ў Будславе»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.06.2013 08:39

«Усё адбывалася ў Будславе ў 2009-м годзе. Пасля начной Імшы мы сядзелі разам каля касцёла, і ў пэўны момант Андрэй дастаў з кішэні пярсцёнак і сказаў: «Юля, выходзь за мяне замуж!» Для Андрэя і Юліі Якаўлевых Будслаў — месца асаблівае: менавіта тут чатыры гады таму нарадзілася іх будучая сям'я. Па просьбе рэдакцыі Юлія і Андрэй узгадалі той памятны дзень і распавялі, якую ролю адыграла Маці Божая Будслаўская ў іх жыцці.

У тую пілігрымку яны пайшлі разам. Юлія не здагадвалася, які сюрпрыз падрыхтаваў ёй Андрэй. Заручальны пярсцёнак хлопец купіў загадзя і насіў з сабою. Але зрабіць адказны крок усё не наважваўся — чакаў зручнага моманту. І такі момант прыйшоў — пасля начной Імшы ў Будславе...

«У Будславе я заўсёды адчуваў надзвычайную прысутнасць і блізкасць Марыі, — узгадвае Андрэй. — Таму і адказы на самыя важныя пытанні ў жыцці я шукаў менавіта там. І знайсці месца, лепшае за Будслаў, для таго, каб распачаць вандроўку ў сямейнае жыццё, мне было б цяжка. З Юляй перад гэтым мы ведалі адно аднаго ўжо некалькі гадоў — разам удзельнічалі ў шматлікіх сустрэчах моладзі, маліліся, хадзілі ў пілігрымкі. Таму мне даволі лёгка было рабіць прапанову (усміхаецца — Аўт.).

Тым больш пра свой выбар я пытаўся праз малітву ў Пана, аддаваў гэтую справу ў Ягоныя рукі і цалкам Яму давяраўся. Зараз магу адназначна сказаць, што Ён суправаджаў нас і лепшай сяброўкі майго сэрца не можа і быць! Дзякую Яму!»

«А ўсё ж ці было хваляванне?» — цікаўлюся ў мужа і маладога таты, якім сёння стаў Андрэй.

«Хваляваўся толькі, каб гэта атрымалася прыгожа, рамантычна і ў адпаведны момант, — прызнаецца мужчына. — І гэты момант прыйшоў пасля заканчэння ўрачыстай святой Імшы ўначы. Памятаю, Юля спачатку запыталася, ці я сур’ёзна? (усміхаецца — Аўт.). Потым, калі я дастаў з кішэні скрыначку з пярсцёнкам, яна проста заплакала і адказала: «Так!»

 

«Усё адбывалася ў Будславе ў 2009-м годзе. Пасля пілігрымкі, у якой я ішла разам з маім каханым Андрэем, я атрымала ад яго прапанову выйсці замуж, — дзеліцца ўспамінамі шчаслівая жонка і мама Юлія Якаўлева. — Прапанову рукі і сэрца мой будучы муж зрабіў пасля начной святой Імшы. Натхнёныя, мы сядзелі адно ля аднаго, каля касцёла, і слухалі спеў на заканчэнне Імшы. У пэўны момант Андрэй дастаў з кішэні пярсцёнак і сказаў: «Юля, выходзь за мяне замуж!»

«Ці доўга давялося чакаць хлопцу?»

«Я згадзілася адразу, канешне ж! — не хаваючы эмоцый, прызнаецца Юлія. — Думаю, менавіта Маці Божая стварыла такую цудоўную рамантычную атмасферу, якая дазволіла нам прыняць адказнае жыццёвае рашэнне. Ведаю, што Андрэй насіў пярсцёнак у кішэні, чакаючы зручнага моманту. Я і ўявіць сабе не магла, што гэта адбудзецца ў Будславе, каля стопаў Маці Божай. Пасля малітвы падзякі каля абраза Багародзіцы мы былі ўжо афіцыйна заручаныя».

«Якія ў вас чаканні ад урачыстасцяў 400-й гадавіны прабывання абраза Маці Божай у Будславе?»

Андрэй:

«Ад юбілейнай урачыстасці чакаю ўзнёслых пачуццяў, глыбокіх духоўных перажыванняў і якога-небудзь класнага музычнага суправаджэння!»

Юлія:

«Падчас чарговай урачыстасці хочацца узнесці хвалу Пану Богу за Яго прысутнасць у нашым сужэнскім жыцці, за цуд жыцця нашага дзіцяці, а таксама падзякаваць Маці Божай за тое, што запальвае нашы сэрцы любоўю да Яе Сына ў святым месцы Будславе».

***

Шаноўныя чытачы! Калі ў вас ёсць свая гісторыя, звязаная з Маці Божай Будслаўскай, і вы хацелі б падзяліцца гэтым сведчаннем, калі ласка, накіроўвайце свае лісты на адрас рэдакцыі Catholic.by (тэма ліста — Будслаў і сведчанні).

Ілья Лапато OCDS

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.