2 ліпеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з удзельнікамі пілігрымкі «Мінск — Будслаў» на прыпынку маршрута ў Вішнёўцы. Пілігрымка вырушыла ў шлях 1 ліпеня з мінскага архікатэдральнага касцёла.
Вітаючы падарожнікаў, іерарх прывітаў у іх ліку таксама вернікаў з Арла (Расія), якія далучыліся да пілігрымкі вечарам 1 ліпеня.
Пілігрымы прынялі ўдзел у святой Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт на падворку мясцовай школы. Гамілію арцыпастыр прысвяціў ролі Маці Божай у гісторыі збаўлення і асаблівасцям Будслаўскага санктуарыя для Беларусі. Іерарх адзначыў, што «fiat» Марыі, ці згода з Божай воляй, — гэта ключ да разумення таямніцы гісторыі збаўлення, а таксама ключ да шчасця кожнага чалавека. «Гэты ключ не што іншае, як згода з Божай воляй, што павінна быць праграмай жыцця кожнага чалавека», — падкрэсліў Мітрапаліт.
Арцыбіскуп нагадаў, што Марыя, прыняўшы Божую волю, паспяшалася ў дом Захарыі і Альжбеты, якая распазнала ў ёй не толькі сваю сваячку, але і Маці Збаўцы. Сустрэча Марыі і Альжбеты стала «не толькі іх сустрэчай, але таксама сустрэчай яшчэ не народжаных Езуса і св. Яна Хрысціцеля, які быў вызвалены ад першароднага граху».
«400 гадоў таму Марыя наведала нашу краіну і засталася тут. У Будслаўскім санктуарыі Яна выпрошвала і далей выпрошвае патрэбныя нам ласкі. У гэтым сэнсе Будслаўскі санктуарый з'яўляецца нашым духоўным цэнтрам, які, нібы магніт, прыцягвае тысячы і тысячы людзей. Задача пілігрымаў у праграме новай евангелізацыі — паказаць іншым людзям нашу згоду з Божай воляй і прывесці іх да таго ж самага, — сказаў Мітрапаліт. — Іх задачай таксама з’яўляецца данесці Хрыста да іншых».
Арцыпастыр пажадаў пілігрымам вытрымкі і Божага благаслаўлення.
(AG)
|