Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Будслаў і сведчанні: «Свайго сына мы ахрысцілі па дарозе ў Будслаў»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.07.2013 17:57

«Хросная маці вышыла белую кашулю ў нацыянальных узорах, і мы апранулі яе Генрыху падчас сакрамэнту. Мы адчувалі, як усе шчыра маліліся разам з намі. Для нас гэта было вельмі важна». Пра хрост свайго сына падчас пілігрымкі ў Будслаў распавядаюць Бартэк і Вольга Кусмерскія.

Вольга і Бартэк Кусмерскія пазнаёміліся ў Тэзэ. Яна — беларуска, ён — паляк. Шлюб нарачоныя бралі ў Беларусі, тут жа — маладыя бацькі ахрысцілі і першынца. Але не проста ахрысціл, а зрабілі гэта падчас пешай пілігрымкі...

Расказвае маладая мама Вольга Кусмерска:

«Яшчэ перад нараджэннем нашага сына мы вырашылі, што хрост будзе незвычайны. Нам было не зусім прыемна бачыць, як у Польшчы гэты самы важны сакрамэнт абмяжоўваўся 30 хвілінамі ў касцёле і вечарам святкавання — з дарагімі падарункамі і звычайна з алкаголем.

Каб пазбегнуць гэтага, нам вырашылі ахрысціць сына па дарозе ў Будслаў. Гэта была ўжо другая пілігрымка нашага сыночка (першая была яшчэ да нараджэння, у жывоціку мамы), і таму ён мужна пераносіў цяжкасці пілігрымкі — спякоту, адпачынак — дзе прыйдзецца, пыл дарогі.  І мы, бацькі, ішлі з падзякаю за жыццё нашага сыночка, маліліся за ўсю сям'ю».

Разам з Вольгай і Бартэкам у пілігрымцы ішлі таксама і будучыя хросныя бацькі іх дзіцяці. Паводле прызнання Бартэка і Вольгі, разам ямы мелі магчымасць добрай духоўнай падрыхтоўкі да сакрамэнту хросту дзіцяці. Хрост адбываўся ў Даўгінаве — апошнім начлезе перад Будславам.

«У гэты дзень у Даўгінаве было шмат падзей, — распавядаюць бацькі. — Па-першае, прыміцыйная Імша новапрэзбітараў. Па-другое, хрысціянская супольнасць павялічылася яшчэ на адно Божае дзіця: Генрых-Францішак — такое імя мы выбралі для нашага сына.

Хросная маці вышыла белую кашулю ў нацыянальных узорах, і мы апранулі яе Генрыху падчас сакрамэнту. Мы адчувалі, як усе разам з намі шчыра радаваліся і маліліся. Гэта было вельмі важна для нас.

З родных змагла прыехаць толькі бабуля Генрыха з Баранавіч. На жаль, не атрымалася даехаць астатнім сваякам, вось гэта хіба і быў адзіны негатыўны момант хросту падчас пілігрымкі. Але мы спецыяльна знялі відэа, каб паказаць усім, каго не было.

Пасля Імшы мы пачаставалі нашых братоў-пілігрымаў пячэннем (спадзяемся, што хапіла для ўсіх) і зрабілі прыгожую фотасесію.

А яшчэ ў нас ёсць кніга хросту Генрыха-Францішка, дзе свае ўражанні і пажаданні ўпісвалі сведкі падзеі.

Мы спадзяёмся, што Генрых будзе з цікавасцю чытаць яе ў будучыні і адчуе, якая важная падзея адбылася 5 ліпеня 2012 года ў вёсцы Даўгінава. А можа, нават будзе кожны год ісці з пілігрымамі да Будслава і адзначаць таксама і дзень свайго хросту!»

***
Шаноўныя чытачы! Калі ў вас ёсць свая гісторыя, звязаная з Маці Божай Будслаўскай, і вы хацелі б падзяліцца гэтым сведчаннем, калі ласка, накіроўвайце свае лісты на адрас рэдакцыі Catholic.by (тэма ліста — Будслаў і сведчанні).
 
Ілья Лапато OCDS


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.