Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
З Мінска ў Будслаў вырушыла пілігрымка на роварах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.07.2013 19:51

3 ліпеня ад мінскага Чырвонага касцёла вырушыла ў Будслаў пілігрымка на роварах. Каля 40 пілігрымаў накіраваліся на будслаўскі юбілей пасля святой Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі Мітрапаліт прадставіў постаць апостала Тамаша, якога Касцёл узгадвае ў гэты дзень і які найбольш вядомы як Тамаш няверны, бо ён не паверыў, што Хрыстус уваскрос. Аднак, нагадаў арцыпастыр, калі Езус другі раз аб’явіўся апосталам, Ён сказаў Тамашу: будзь не няверуючым, але веруючым. Тамаш жа ўсклікнуў: Пан мой і Бог мой. «Гэтыя словы Касцёл паўтарае дзве тысячы гадоў, бо гэта вызнанне праўды ў Хрыста як Бога. Такім чынам Езус, прапануючы Тамашу дакрануцца да Яго ранаў, вылечыў раны нявер'я гэтага апостала. Тамаш стаў апекуном шукаючых праўды», — адзначыў іерарх.

«Тамаш вядомы нам яшчэ і тым, што на пытанне Езуса, ці ведаюць апосталы, куды Ён ідзе, сказаў: як можам ведаць, калі не ведаем дарогі? На што Хрыстус адказаў: Я — дарога, праўда і жыццё. Ісці дарогай Хрыста пакліканы ўсе хрысціяне. І ў Год веры нам неабходна абвяшчаць гэтую дарогу, гэта азначае — вучыць людзей Евангеллю», — дадаў Мітрапаліт.

Па словах арцыпастыра, сярод многіх накірункаў абвяшчэння Добрай Навіны асаблівае месца займаюць пілігрымкі. Таму юбілейная 10-я пілігрымка на роварах у Будслаў, якая распачынаецца ў гэты дзень, мае вялікае значэнне ў працэсе адказу Касцёла на выклікі часу.

Арцыбіскуп таксама паведаміў прысутным, што 5 ліпеня будзе абвешчана першая энцыкліка папы Францішка «Lumen fidei» («Святло веры»). Іерарх заклікаў пілігрымаў сваім прыкладам і малітвай несці святло веры ў сучасны свет і пажадаў ім шчаслівага падарожжа.

Мітрапаліт таксама прыняў удзел у роварнай пілігрымцы, праехаўшы немалую адлегласць. Іерарх паабяцаў пілігрымам сустрэцца з імі перад Будславам, каб разам прыехаць да будслаўскай святыні.

Таксама ўдзельнікаў пілігрымкі прывітаў і благаславіў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

У роварнай пілігрымцы ўдзельнічаюць вернікі з розных месцаў Беларусі. Самаму малодшаму з іх 14, а старэйшаму 58 гадоў.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.