Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Маці Божая Будслаўская — хто гэта? З рубрыкі «Гавораць дзеці» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
06.07.2013 13:29 |
Чым адметная сёлетняя ўрачыстасць у Будславе, чаму на абразе Маці Божая «носіць» карону і што дае вернікам удзел у Імшы. У рубрыцы «Гавораць дзеці» сваімі адказамі з карэспандэнтамі Catholic.by дзеляцца самыя маленькія госці Маці Божай Будслаўскай. Рома Шкурдзюк, Барысаў (6 гадоў): — Я прыехаў сюды з мамай, татам і бабуляй Галяй. — Ты ведаеш, чаму вы прыехалі сёння ў Будслаў? — Трэба прыязджаць да святыні, каб не хварэць. — А ты ведаеш, хто такая Маці Божая? — (упэўнена — Аўт.) Знаю. Гэта Марыя… Яна там на Абразе са сваім Сынам. Караліна, Нарач (12 гадоў): — Навошта ісці ў пілігрымку? — Сёлета я першы раз ішла пяшком у Будслаў. Я ішла, каб скласці свае просьбы Маці Божай — прыйсці да Яе абраза і пакланіцца Ёй. Раней толькі мае сёстры хадзілі ў пілігрымку, расказвалі, як там весела, — вось і мне таксама хацелася. — А што просяць у Маці Божай? — Каб здароўя дала, каб вылечыла нешта. Надзея (10 гадоў) і Ксюша (5 гадоў) Грышанковічы, Глыбокае: — Чаму вы сёння тут? Ксюша (на фота — злева): — Таму што мы прыехалі за мамай. А мама прыйшла сюды пяшком. Надзея: — (памагае сястры — Аўт.) Мы прыехалі сюды на свята. — А што сёння за свята? Ксюша: — Прывезлі абраз Маці Божай Будслаўскай. Надзея (на фота — злева): — Я згодная з сястрычкай. — У Маці Божай на абразе ёсць карона. Чаму? Ксюша: — Таму што Яна мама наша Боская. — Хто такая манахіня? Ксюша: — Яны ахоўваюць Божаньку. Яны носяць такую (паказвае — Аўт.) шапачку і такую (паказвае — Аўт.) сукеначку. — А хто такі ксёндз? Надзея: — Гэта такі чалавек, які стаіць ля алтара, раздае Камуніію. У яго доўгая спадніца. А шапкі няма (смяецца). Паліна (8 гадоў) і Ваня (8 гадоў), стрыечныя брат і сястра. — Хто такі біскуп? — Не ведаем. Мы яго ніколі не бачылі. Магчыма, у яго карычневыя валасы. — А хто такі ксёндз? — Ксёндз — гэта той, хто гаворыць, каб усе маліліся. — Хто такія манахі? — Гэта людзі, які ходзяць у хустках і вялікіх доўгіх сукенках. Яны ходзяць, каб дапамагаць. Вераніка (15) і Жэня (9) Седыя, Даўгінава: — Ці хадзілі вы калі-небудзь у пілігрымку ў Будслаў? Вераніка: — Яшчэ не хадзілі, не спрабавалі. Але прыязджаем сюды штогод. — А што такое пілігрымка, што людзі там робяць? Вераніка: — Пілігрымы — гэта людзі, якія ідуць да Бога. Ідуць памаліцца. — Чаму да Божай Маці прыходзяць людзі? Жэня: — Таму што яна харошая. Лёша Маркевіч, Маладзечна (9 гадоў): — Што такое Імша? — Гэта калі там прыходзяць, збіраецца шмат людзей, каб памаліцца. — Маці Божая ў кароне. Як лічыш, чаму? — Касцёлу вельмі шмат гадоў, ён ужо старажытны, таму Маці Божая яго вартуе. Ілья Лапато OCDS, Віталій Палінеўскі |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.