У Будславе ўзнагародзілі пераможцаў конкурса часопіса «Ave Maria» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
06.07.2013 10:47 |
6 ліпеня ў Будславе адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу часопіса «Ave Maria», які праходзіў пад назвай «Будслаў — прызнанне ў любові», і быў прысвечаны 400-годдзю з’яўляння цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе. Пераможцы атрымалі спецыяльныя ўзнагароды пасля ранішняй святой Імшы.
У намінацыі «Паэзія» за лепшы марыйны верш І месца заняў паэт Янусь Малец (верш «Беражы нас, Заступніца»);
ІІ месца — Ірына Саматой, за таленавітае спалучэнне марыйных і патрыятычных матываў (верш «Роднае»);
ІІІ месца — Алена Татун, за арыгінальнасць паэтычнай формы праслаўлення Маці Божай (верш «Вянок з дванаццаці зорак да Маці Божай»).
У намінацыі «Эсэістыка» І месца за паэтычнасць вобразу зямной і нябеснай Маці, шматгадовае сведчанне любові да Маці Божай і пашырэнне марыйнага культу заняў Уладзімір Вайцяховіч (эсэ «Матчына ласка»);
ІІ месца — Іна Ламака, за адметнае бачанне сэнсу хрысціянскіх пілігрымак (эсэ «Першыя ў свой час...»);
ІІІ месца — Ядвіга Рай, за ўменне ўбачыць і адлюстраваць незвычайнае ў звычайным падчас пакутных пілігрымак («Замалёўкі з поснай пілігрымкі»).
Спецпрызамі таксама былі ўзнагароджаны:
— скульптар Алесь Шатэрнік за актыўнае мастацкае далучэнне да святкавання юбілею абраза Маці Божай Будслаўскай (артыкул «Зімовы пленэр у Будславе» і карціну «Будслаўская святыня»);
— рэстаўратар Аркадзь Шпунт за пранікнёна-глыбокае бачанне вобраза кардынала Казіміра Свёнтка як
добрага пастыра і вялікага шанавальніка Маці Божай, будслаўскі абраз Якой быў ім укаранаваны (за артыкул «Разлівы святла»);
— супрацоўніца выдавецтва «Pro Christo» Ганна Шаўчэнка за даследчыцкае адкрыццё новых цікавых крыніцаў па гісторыі Будслава (артыкул «Легенда пра Будслаў у „Літвінскіх малюнках“ Ігната Ходзькі»).
Творы пераможцаў, а таксама лепшыя вершы і эсэ іншых удзельнікаў конкурсу будуць выдадзены асобнаю кнігаю. (AG)
|