Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«За час гэтага візіту мая вера ўмацавалася»: кардынал Жан-Луі Таран узначаліў Імшу ў мінскай архікатэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.07.2013 17:49

У нядзелю 7 ліпеня спецыяльны легат Святога Айца Францішка на юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе кардынал Жан-Луі Таран узначаліў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле. У літургіі прынялі ўдзел усе біскупы Беларусі і Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

У Імшы ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Грэка-Каталіцкай Царквы, духавенства з іншых краін.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, вітаючы легата Папы, сказаў: «Мінская катэдра перажыла цэлы шэраг падзей, якія і пазітыўна, і негатыўна ўплывалі на развіццё Касцёла ў Беларусі. Сёння гэтае месца, дзе яшчэ не так даўно была спартыўная зала, мы называем духоўнай „спартыўнай залай“. Гэтая святыня заўсёды была знакам таго, што Касцёл у нашай краіне ёсць, што ён жыве. Катэдра злучала вернікаў нашай зямлі і была сімвалам еднасці са Святым Пасадам».

«Сёння мы дзякуем Богу за свабоду веравызнання, мы ўдзячны ўсім Папам і Святому Айцу Францішку за тое, што ён паслаў у нашу краіну Вас, — дадаў Мітрапаліт, звяртаючыся да кардынала Жана-Луі Тарана. — Хочам запэўніць Вас, што Касцёл у Беларусі быў верным хрысціянскай веры, Папу і Святому Пасаду і захавае гэтую вернасць».

«Я рады быць сярод вас, прадстаўляючы папу Францішка», — звярнуўся да ўдзельнікаў літургіі кардынал. Іерарх заахвоціў вернікаў «у хвіліну цішыні ўзгадаць усіх, дзякуючы чыім пакутам мы сёння можам знаходзіцца тут у радасці і супакоі, узносячы Богу нашы малітвы». «Паколькі мы часта з’яўляемся ні халоднымі, ні гарачымі, будзем прасіць у Бога моцы для трываласці ў сваёй веры», — дадаў легат Пантыфіка, распачынаючы Імшу.

У гаміліі кардынал нагадаў словы Езуса, якія прагучалі ў літургічным чытанні гэтага дня: «Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў». «У гэтых словах Ён прадказвае, што чакае тых, хто вырашыў пайсці за Ім: яны будуць спакойнымі, рахманымі, уважлівымі да іншых людзей (…), не будуць баяцца стаць для людзей знакам супраціву дзеля Бога», — патлумачыў іерарх.

«У цэнтры Касцёла знаходзіцца крыж, і ніколі не было часу, калі не існавала пераследу, — працягваў легат Папы. — Езус патрабуе ад нас, каб людзі бачылі, што мы жывём у адпаведнасці з пасланнем, якое абвяшчаем, бо немагчыма быць хрысціянінам і весці падвойнае жыццё».

Кардынал адзначыў, што «Езус заклікае нас да свабоды», таму «мы не павінны прыцягваць іншых з дапамогай багацця, прэстыжу», павінны «абвяшчаць не сябе саміх», а Хрыста. «Мы не навязваем Евангелле сілаю, — падкрэсліў іерарх. — Мы абвяшчаем яго».

Па словах кардынала, «у гэтым свеце, які не заўсёды можа прызнаць Бога, вельмі важна, каб ніколі не было недахопу ў сведках» і «каб дзверы Касцёла пастаянна былі адчынены».

Легат Святога Айца згадаў адну са сваіх размоваў з кардыналам Казімірам Свёнткам і яго словы, што «заўсёды трэба быць удзячным Богу». «Будзем імкнуцца даць Богу першае месца ў нашым жыцці, — заахвоціў пасланец Папы. — Будзем без ваганняў звяргаць ідалаў сённяшняга дня, бо ўсё гэта — супраць Божага Валадарства». Божае ж Валадарства, па словах іерарха, — гэта «перамога любові», гэта «Валадарства Бога, які стварыў нас для шчасця». «Няхай наша жыццё будзе напоўнена радасцю, бо мы верым, што Божая моц, нягледзячы ні на што, заўсёды дзейнічае дзеля нашага дабра», — пажадаў кардынал і дадаў, што ў размовах з тымі, хто цярпеў за веру, яго ўражвала тое, што «з іх вуснаў ніколі не прагучала ніводнага слова нянавісці».

«Мы — спадкаемцы Добрай Навіны (…), але мы не маем права пакінуць яе толькі для сябе, — падкрэсліў легат. — Таму выйдзем насустрач гэтаму свету, такому цудоўнаму і адначасова такому ненадзейнаму». Гэта «свет, які Бог збаўляе і якому абвяшчае супакой і міласэрнасць».

Кардынал пажадаў, каб словы вернікаў, іх паводзіны дапамагалі іншым людзям бачыць, што «Бог побач, што наблізілася Божае Валадарства».

Напрыканцы літургіі прагучалі падзякі ў адрас кардынала Жана-Луі Тарана і словы пашаны Святому Айцу ад католікаў Мінска.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да легата Пантыфіка, сказаў: «Я прашу Вас перадаць Святому Айцу, што Касцёл у Беларусі адраджаецца, жыве, мужна ідзе наперад, а яго вернікі годныя таго, каб на гэтую зямлю ступіла нага Папы».

«Хачу падзякаваць вам, бо за час гэтага візіту мая вера ўмацавалася, — прызнаўся кардынал Жан-Луі Таран, звяртаючыся да ўдзельнікаў Імшы. — Тут я ўбачыў такія поўныя касцёлы, якіх не бачыў ніколі. Дзякуй вам за сведчанне вашай веры».

На заканчэнне легат Папы яшчэ раз, як падчас будслаўскіх урачыстасцяў, удзяліў прысутным Апостальскае благаслаўленне з поўным адпустам.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.