Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Асаблівасць беларусаў — у іх веры»: італьянскія святары пра Будслаў і беларускіх католікаў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.07.2013 12:22

Для святароў з Вероны кс. Тыцыяно Баномі і кс. Паоло Сільвестрыні ўрачыстасці ў Будславе сталі першым прамым знаёмствам як з нашай краінай, так і з Касцёлам у Беларусі. Пра свае ўражанні і адкрыцці яны расказалі карэспандэнту Catholic.by.

— Якім вы ўбачылі Касцёл у Беларусі?

Кс. Тыцыяно Баномі:

— Мы ведаем асабіста вашага Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Мы шмат размаўлялі з ім пра праблемы Беларусі, параўноўваючы Каталіцкі Касцёл у Беларусі і ў Італіі. Тады адразу і з’явілася запрашэнне прыбыць сюды, на ўрачыстасці ў Будслаў.

Мяне вельмі ўразіла пабожнасць беларусаў. Асабліва гэта выражалася ў шанаванні марыйнай духоўнасці. Уразілі тры складнікі, якія я пабачыў у Будславе: першы — гэта «магільнае» маўчанне падчас кансэкрацыі. СМІ пісалі пра 40 тысяч прысутных вернікаў. Толькі ўявіце, колькі там было людзей, і — гэтая «магільная» цішыня, у якой чыталіся шанаванне Марыі і павага да Яе. Другая рэч — гэта вялікія чэргі да споведзі. Споведзь ішла нават ноччу. І гэтыя людзі, якія стаялі на каленях — часам нават у брудзе, у гэтых лужынах, — людзі зрабілі на нас глыбокае ўражанне…

Трэцяя асаблівасць у тым, што ўсе — ад малога да вялікага — стаялі на каленях перад Марыяй. І ўнутры касцёла, і звонку яго. Людзі, якія ішлі на каленях, — прыгожы і запамінальны знак.

Там, дзе ёсць цяжкія карані, звязаныя з болем, будуць і хвалебныя плёны. Асаблівасць беларусаў — у іх веры.

Кс. Паоло Сільвестрыні:

— Зусім нядаўна арцыбіскуп Мілана кардынал Анджэло Скола сказаў аб тым, што Касцёл і грамадства ў Еўропе пачынаюць паціху старэць і стамляцца. А ў вас тут я бачу іншае. Прыклад вашай жывой веры прыемна ўразіў мяне не толькі ў Будславе, але і на Імшы ў архікатэдры, і проста ў горадзе. Для мяне гэта незвычайна.

Прыемна ўражаны я быў візітам кардынала Тарана, таму што ён са сваёй глыбінёй і адначасова прастатой быў вельмі цёпла сустрэты беларускімі католікамі.

Асабліва хацеў бы адзначыць чалавечую гасціннасць Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Калі мы толькі прыехалі ў Будслаў, было вельмі шмат моладзі, якая апладзіравала і скандзіравала: «Нунцый! Нунцый!».  Было заўважна, што нунцый мае блізкі кантакт і з народам, і са святарамі.

Будслаў я запомню глыбінёй перажыванняў, якую я ўбачыў. А яшчэ — з’яднанасцю людзей. Вы былі аб’яднаныя ў жэстах, словах. Ніхто не глядзеў на гадзіннік. Людзі нібы забыліся на час і маліліся. Усе былі адно.


— Ці змяніліся вашыя ўяўленні пра Касцёл у Беларусі з прыездам у нашу краіну?

Кс. П.С. і Кс. Б.Т.:

— Вялікі прыклад веры для нас — гэта жыццё і пастырская дзейнасць ксяндза Бэрнардо Антаніні. Ён працаваў у Вероне, а пасля распаду СССР паехаў евангелізаваць у Маскву, Пецярбург, а затым і ў Казахстан (зараз трывае беатыфікацыйны працэс кс. Бэрнардо Антаніні — Аўт.). Прынамсі ў Вероне ёсць ўяўленне пра тое, чым жывуць католікі на ўсходзе Еўропы. Дзякуючы працы ў Расіі і Казахстане ксяндза Бернардо Антаніні, гэтае бачанне існуе.

У Італіі католікі — гэта большасць, але людзі пасіўныя. Тут жа, на усходзе, католікі — меншасць, але яны вельмі і вельмі актыўныя. І гэта адразу бачна. Другое ўяўленне, якое складвалася ў нас непасрэдна пра Касцёл у Беларусі, фарміравалася дзякуючы святарам-беларусам, якія прыязджаюць вучыцца ў Італію. Іх прыклад пацвярджае думку пра актыўнасць беларускіх католікаў.

— У заключэнне сваёй прамовы на ўрачыстасцях у Будславе легат Папы кардынал Жан-Луі Таран сказаў, што перадасць Пантыфіку запрашэнне наведаць Беларусь. На вашу думку, ці гатовы Касцёл у Беларусі да такога візіту?

Кс. П.С.:

— Тое, што мы ўбачылі ў Будславе, сведчыць пра гатоўнасць вашых католікаў. Астатнія нюансы — усё ў руках Божых. Учора, напрыклад, Папа ўпершыню здзейсніў візіт за межы Рыма: Пантыфік наведаў Лампедузу. Прычым інфармацыя пра гэты візіт Апостальская Сталіца падала дзён за дзесяць перад падзеяй. Таму і падрыхтоўка ў Лампедузе была спантаннай, без паказушнасці. Разам з Папам дэлегацыя налічвала ўсяго 4 чалавекі, што яшчэ раз гаворыць пра прастату і імкненне Святога Айца да аскетычнасці нават у гэтых справах.

І ў Будславе, і на Імшы ў мінскай архікатэдры мы заўважылі, што калі гаворка заходзіла пра запрашэнне Пантыфіка, вернікі ўсміхаліся і радасна пляскалі ў далоні. Гэта сведчыць пра тое, што для вас гэта вельмі важна. Вы любіце свой Касцёл не толькі ўнутры краіны, але і звонку — за межамі Беларусі. Вы чакаеце Пантыфіка, і гэта цудоўны знак.

Ілья Лапато OCDS, Ганна Страшкевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.