Удзельнікі сустрэчы моладзі ў Івянцы прывіталі рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
27.07.2013 21:17 |
27 ліпеня ўдзельнікі Усебеларускай сустрэчы моладзі ў Івянцы сустрэлі рэліквіі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Моладзь выслухала канферэнцыю «Жыццё і духоўнасць святой Тэрэзы». Пасля пакутнага набажэнства, праведзенага айцамі кармэлітамі, і ўшанавання рэліквій адбылася святая Імша. Аб жыцці і духоўнасці святой расказаў у канферэнцыі а. Казімір Мараўскі OCD. Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На пачатку літургіі прысутных яшчэ раз прывітаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. «Асаблівым чынам вітаю святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езус, — сказаў іерарх. — Яе рэліквіі ўжо амаль два месяцы знаходзяцца ў нашай краіне. Сёння ў Івянцы моладзь вітае гэтую адну з самых маладых святых, якая прапануе шлях да святасці, асабліва патрэбны сённяшнім маладым людзям. Касцёл у Беларусі дзякуе Богу праз яе заступніцтва і давярае Яму ўсе нашы справы і патрэбы». Гамілію прамовіў кс. Юрый Марціновіч. Святар прывітаў моладзь словамі папы Францішка, з якімі ён звярнуўся да ўдзельнікаў Сусветнага дня моладзі ў Бразіліі: «Я бачу ў вас прыгажосць маладога твару Хрыста, і маё сэрца напаўняецца радасцю!» «Напэўна, нашы біскупы таксама могуць паўтарыць, бачачы вас, што іх сэрцы напаўняюцца радасцю», — сказаў кс. Марціновіч. «Сёння з намі рэліквіі святой Тэрэзы. Некалі яна казала так: „Калі б Езус здаваў экзамены, то здаў бы ўсе, акрамя аднаго — матэматыкі, бо ў Яго і 1, і 99 маюць аднолькавую каштоўнасць“. Гэта сапраўды так, бо Езус — Добры Пастыр, які заўсёды ідзе шукаць згубленую авечку», — адзначыў святар. «Тое ж заданне, якое атрымалі апосталы, атрымаў праз хрост кожны з нас, — дадаў кс. Юрый Марціновіч. — Мы сталі хрысціянамі, каб бараніць нашу веру і перадаць яе іншым». Святар прывёў словы Святога Айца, прамоўленыя на сёлетнім Сусветным дні моладзі: «Трэба, каб мы выйшлі на вуліцу, каб Касцёл ішоў вуліцамі». Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся напрыканцы Імшы да моладзі, адзначыў: «Дэвіз сёлетняга Сусветнага дня моладзі ў Бразіліі і нашай сустрэчы ў Івянцы — „Ідзіце і навучайце“. Гэты запавет уваскрослага Хрыста заўсёды актуальны. Кожны малады чалавек павінен актыўна ўключыцца ў справу евангелізацыі. (...) Сённяшні свет асабліва патрабуе адважных сведкаў любові Хрыста». Рэліквіі святой Тэрэзы будуць знаходзіцца ў івянецкім касцёле ўсю ноч. Вернікі атрымаюць магчымасць ушанаваць іх і памаліцца. Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |