Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Свята гэтага касцёла — Божая слава»: арцыбіскуп Гуджэроцці і арцыбіскуп Кандрусевіч прынялі ўдзел у юбілейных святкаваннях у Вілейцы (+ фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.09.2013 16:05

14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, у Вілейцы адбылася кульмінацыя трохдзённага святкавання 100-гадовага юбілею касцёла Узвышэння Святога Крыжа.

Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, шматлікае духавенства і вернікі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады.

У першы дзень святкавання, 12 верасня, у вілейскай парафіі адзначаўся дзень малітвы за памерлых фундатараў святыні, ахвярадаўцаў, дабрадзеяў і ўсіх парафіян. 13 верасня прайшоў дзень, прысвечаны пакаянню і перапрашэнню за ўласныя грахі і грахі парафіяльнай супольнасці, асабліва за грэх знішчэння святыні ў савецкі час.

Апостальскага Нунцыя і Мітрапаліта сустрэлі перад вілейскім касцёлам. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў памятную дошку. Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

«Хто здолее перамагчы гэты народ? Гэты народ моцай сваёй веры ўваскрэсне пасля любой смерці. І калі яго будуць з правага боку прыгнятаць, тады ён уваскрэсне з іншага боку, — звярнуўся да вернікаў у гаміліі Апостальскі Нунцый. — Тое, што яднае ўсіх вас, — не ідэалогія, але духоўнае жыццё, і гэтае духоўнае жыццё нельга перамагчы».

«У цэнтры гэтай зямлі стаіць Крыж Хрыста, — працягваў прадстаўнік Святога Айца. — З часам Крыж стаў сімвалам хвалы і хрысціянскага гонару. Вы памятаеце, з якімі цяжкасцямі ў час пераследу чалавек мог насіць маленькі крыж на шыі як сімвал сваёй веры і як часта мусіў зняць яго? Улада думала, што яна можа забраць з чалавечых душаў і целаў знак іх рэлігійнай прыналежнасці. Але Kрыж – не біжутэрыя: гэта знак, які стаіць пасярод зямлі. І супраць яго (...) будзе адчуваць сябе маленькай любая сіла, якая будзе намагацца знішчыць Kрыж і заняць тое месца, дзе ён стаіць».

«Бачыце, дарагія браты і сёстры: хтосьці думаў, што можа разагнаць вас, але вы збіраецеся тут у яшчэ большай колькасці. Але, каб сабрацца тут, каб магчы святкаваць юбілей гэтага касцёла, вы павінны былі прайсці праз балесныя таямніцы. Бо прыгожыя крыжы, якія мы бачым тут, – не частка інтэр’еру, — адзначыў арцыбіскуп. — Гэта не прыгожы стол, за які мы можам сесці і ганарыцца прыгожай антыкварнай рэччу». Апостальскі Нунцый узгадаў пра свайго выкладчыка ў семінарыі: «Аднойчы ён прыйшоў з крыжам і паклаў яго на свой стол. (…) Ён казаў нам: вы, якія зрабілі сабе крыжы з золата і іншых каштоўных матэрыялаў, калі хочаце быць святарамі, памятайце, што Kрыж Хрыста быў зроблены з дрэва, на якім забівалі злачынцаў. І памятайце, што Хрыстус быў укрыжаваны па-за горадам, выгнаны з горада, бо гэта было вялікім сорамам для Ерузалема. Памятайце пра Kрыжовы шлях, які мы часта праходзім, — знак прыніжэння чалавека. Гэта прыгожа – рабіць крыжы з золата, але памятайце, што Крыж Хрыста быў зроблены са звычайнага простага дрэва і прасякнуты крывёй Бога».

Разважаючы над літургічным чытаннем гэтага дня, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці звярнуў увагу, што ў ім «народ Божы ў пэўны момант сваёй вандроўкі па пустыні стамляецца, і гэты матыў паўтараецца вельмі часта». «Няма нічога горшага для Касцёла, чым той момант, калі Касцёл стамляецца быць Касцёлам, калі мы спакойна сядаем і думаем, што дасягнулі таго, чаго хацелі дасягнуць, і ў нас больш няма місійнага духа, няма больш евангелізацыі, а ёсць толькі ўспаміны, — падкрэсліў іерарх. — У гэты момант з’яўляюцца змеі, якія нас забіваюць. Калі Касцёл затрымліваецца і засынае – тады перамагае вораг».

Па словах арцыбіскупа, «у той момант, калі Хрыстус быў укрыжаваны, адбываецца вялікі парадокс чалавечага жыцця», «там, дзе чалавек укрыжаваны, дзе у яго забралі годнасць, - там праяўляецца Божая слава». «Хрыстус кажа: калі Я буду ўзвышаны – прыцягну ўсіх да сябе. Але ў першую чаргу Ён не мае на ўвазе славу неба: Ён кажа пра трагедыю Крыжа, менавіта гэты момант збаўлення», — патлумачыў прадстаўнік Папы.

«Як часта мы ўпадаем у ілюзію, што можам уцячы ад цяжкасцяў гэтага жыцця! Колькі разоў кажам Богу: Ты не можаш быць добрым, калі дазваляеш нам так пакутаваць! Адказ – гэта Хрыстус: гэта сам Бог, укрыжаваны і ўзвышаны на Крыжы, які кажа, што менавіта гэта момант Яго славы, — адзначыў Апостальскі Нунцый. — Якая з рэлігій мае Бога настолькі блізкага, як Хрыстус, які памёр на крыжы, як паміраюць найбольш прыніжаныя гэтага свету? Для большасці рэлігій Бог – гэта абсалютная сіла і абсалютная слава. І гэта настолькі праўда, наколькі гэты Бог далёкі ад людзей. Для нас Хрыстус – наша сіла, бо Ён стаў Богам з намі».

«Дарагія браты і сёстры, што ж такое цяжкасці гэтага жыцця, калі Бог, Хрыстус, быў укрыжаваны і на трэці дзень уваскрос? — звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстасці арцыбіскуп. — Нашы ўласныя праблемы, цяжкасці са здароўем, цяжкасці ў Касцёле – усё гэта з’яўляецца часткай Крыжа Хрыста. І там, дзе мы, здаецца, бачым мёртвае цела Касцёла – там яго ўваскрослае цела. Таму што Касцёл – гэта і ёсць цела Хрыста».

Апостальскі Нунцый павіншаваў вілейскіх вернікаў са 100-годдзем іх святыні. «Гэта прыгожы дзень народзінаў, прыгожы ўзрост, — сказаў іерарх. — Колькі бачыў гэты касцёл! Колькі разоў змяняўся лёс людзей на працягу гэтага часу!»

«Наша радасць сёння — не трыумфалізм, — звярнуў увагу арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. — Яна не ў тым, што нас шмат, прынамсі зараз, і што мы можам свабодна, прынамсі зараз, маліцца – бо калі б было так, мы былі б як тыя, хто спакойна сядзіць у сваіх крэслах, і ў гэты момант да іх прыходзяць змеі. Наша радасць у тым, што ў гэты момант мы можам сказаць Богу „дзякуй“ за гэты час супакою. Але будуць іншыя моманты нашай пілігрымкі па пустыні, іншыя цяжкасці, калі мы будзем маліцца Богу з просьбай вызваліць нас ад гэтых цяжкасцяў. І, як у псальме, які мы сёння пачулі, будзем думаць пра момант, калі нашы ногі змогуць стаць у святыні Ерузалема, каб дзякаваць Пану».

«Наша свята – гэта Божая слава. Свята гэтага касцёла – момант падрыхтоўкі, каб працягваць падарожжа ў Зямлю Абяцаную, — падкрэсліў прадстаўнік Святога Айца. — Толькі там не будзе больш крыжа. Мы ўбачым Бога тварам у твар. І ўсе знакі пакутаў будуць знішчаны, бо сам боль будзе знішчаны. Ажно да гэтага дня давайце будзем памятаць, што мы пакліканы ісці за Крыжам і не забыцца пра Крыж, бо на гэтым Крыжы прыбіты Божы Сын, які мае чалавечае цела. Пасля Уваскрасення Хрыста вучні бачаць Яго са знакамі цвікоў, што прабілі Яго Цела. Таксама ў гісторыі Касцёла, нават калі Хрыстус уваскрос, застаюцца знакі Яго Мукі».

«Сёння, калі будзем вызнаваць нашу веру, будзем памятаць, што і з намі можа быць тое, што было ў мінулым з мучанікамі, — заахвоціў вернікаў арцыбіскуп. — Але менавіта там і ёсць наша слава. І гэта таямніца хрысціянства, гэта наш гонар».

На заканчэнне Імшы да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх нагадаў пра тое, што падчас ганенняў на веру, каля паловы сваёй гісторыі, вілейскі касцёл не выкарыстоўваўся для сакральных мэтаў. Мітрапаліт прыгадаў таксама 89-90-я гады мінулага стагоддзя, калі былі прыкладзены вялікія намаганні для вяртання святыні вернікам. Пры гэтым арцыпастыр выказаў асаблівую падзяку кс. прэлату Эдмунду Даўгіловічу і парафіянам за вельмі актыўную пазіцыю падчас змаганняў за перадачу  касцёла парафіі, узгадаўшы, як разам з кс. Даўгіловічам і вернікамі абіваў парогі мясцовай улады, пераконваючы, што касцёл павінен быць месцам малітвы, а не выставачнай залай.

«Трэба здзіўляцца і пакланіцца тым вернікам, якія захавалі веру ў часы ганенняў і мужна імкнуліся вярнуць касцёл, — дадаў арцыбіскуп. — Дзякуй Богу, сярод мясцовай улады тых часоў знайшліся людзі, якія зразумелі патрэбу вяртання святыні». Спачатку, як узгадаў іерарх, дамовіліся аб часовым выкарыстанні касцёла, калі там адначасова знаходзіўся Дом мастацтва і адбываліся набажэнствы. Потым «усё вырашылася само сабой на карысць Касцёла». Калі сённяшні Мітрапаліт цэлебраваў у Вілейцы першую святую Імшу, яна адбывалася на вуліцы. «Народу было так шмат, што нават цяпер цяжка сабе ўявіць, — дадаў іерарх. — На стэндзе перад касцёлам знаходзяцца здымкі той Імшы. Гэта гонар вілейскіх католікаў».

Мітрапаліт падзякаваў усім пробашчам, якія працавалі ў Вілейцы, і асабліва сённяшняму – кс. Аляксандру Барылу. Вілейская парафія добра вядомая ва ўсёй Беларусі. Нядаўна там быў пабудаваны новы парафіяльны дом. Тры гады таму з вілейскага касцёла вялася прамая трансляцыя святой Імшы на Божае Нараджэнне. Прадстаўнікі парафіі заўсёды прымаюць удзел у музычных варштатах, днях моладзі, сустрэчах міністрантаў, пілігрымках, разнастайных конкурсах. Хор парафіі, як дадаў арцыбіскуп, заслугоўвае самай высокай пахвалы. «Словам, гэта вельмі жывая і актыўная ў жыцці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі парафія», — адзначыў арцыпастыр.

«Сёння вілейскі касцёл Узвышэння Святога Крыжа ўступае ў другое стагоддзе і пачынае пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Пачынае пісаць яе малітвай, ведаючы, што без Бога нічога не зможа зрабіць», — сказаў Мітрапаліт

Іерарх звярнуўся да моладзі з заклікам па прыкладу іх бацькоў і дзядоў захоўваць веру, калі ўсё больш і больш праяўляюцца секулярныя тэндэнцыі. «Не дазвольце быць ашуканымі фальшывымі прарокамі і абяцаннямі, — заахвоціў арцыбіскуп. — Свет змяняецца, але Божая праўда застаецца».

Па словах Мітрапаліта, вельмі сімвалічна, што юбілей 100-годдзя вілейскага касцёла адзначаецца ў Год веры, задача якога — нанова адкрыць яе прыгажосць і распаліць яе ў сэрцы сучаснага чалавека. «Галоўнай задачай Касцёла ў наш час з’яўляецца новая евангелізацыя, і ў гэтым працэсе парафія займае ключавое месца», — адзначыў іерарх.
 
«Здалёк бачна вежа вілейскага касцёла з крыжам на ёй. Няхай жа гэты крыж, як знак нашай веры, дапамагае людзям адарваць свой позірк ад зямных справаў і ўзнесці яго да Бога; няхай паводле словаў Хрыста ён прыцягне да сябе ўсіх; няхай стане знакам новай надзеі», — пажадаў Мітрапаліт вернікам.

Пасля абеду адбыўся канцэрт з нагоды стогадовага юбілею.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.