2 сакавіка пасля візіту ў магілёўскі катэдральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Юрый Касабуцкі наведалі Бялынічы. Візіт іерархаў стаў для бялыніцкай парафіі сюрпрызам, бо адбыўся без папярэдняга абвяшчэння.
Мітрапаліта і дапаможнага біскупа суправаджаў кс. Раман Факсінскі.
Святую Імшу ў мясцовай парафіі ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, які ў час служэння ў Магілёве ў 1996-1997 гг. таксама наведваў Бялынічы.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у прывітальным слове зазначыў, што малая бялыніцкая супольнасць доўгія гады ў часы ганенняў малілася без святара і захавала веру. Цяпер святар таксама прыязджае туды з Магілёва, у Бялынічах ёсць нявялікая капліца, вядзецца катэхізацыя дзяцей. Аднак, па словах Мітрапаліта, у часы свабоды веравызнання існуюць іншыя цяжкасці, якія выклікае дух секулярызму, і людзі жывуць так, як быццам Бога няма, у душах людзей духоўная цемра.
Арцыпастыр адзначыў, што назва Бялынічы паходзіць ад “белыя ночы”. Мітрапаліт нагадаў легенду, якая кажа, што калі першыя місіянеры прыехалі туды, то былі здзіўлены тым, што летам доўга не заходзіць сонца, і назвалі мясцовасць Бялынічамі. Іерарх пажадаў біскупу Юрыю Касабуцкаму, каб дзякуючы яго служэнню цёмныя ночы ў душах людзей замяніліся на светлыя, напоўненыя святлом Евангелля, і заклікаў вернікаў даверыць служэнне дапаможнага біскупа Маці Божай Бялыніцкай.
Біскуп Юрый Касабуцкі ў гаміліі заахвоціў удзельнікаў Імшы не быць сучаснымі Плюшкінымі з “Мёртвых душаў” Гогаля, якія клапоцяцца толькі пра матэрыяльныя каштоўнасці і збіраюць нікому не патрэбныя рэчы, але прысвяціць жыццё збіранню духоўных каштоўнасцяў, якіх ніхто не адбярэ і якія гарантуюць вечнае шчасце.
(AG)
|