Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Папа Францішак – чалавек, які хоча служыць Хрысту»: у гадавіну абрання Пантыфіка адбылася Імша падзякі ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.03.2014 21:17

13 сакавіка ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася Імша падзякі ў першую гадавіну абрання Папы Францішка – кардынала Хорхе Марыё Берголіо – на Святы Пасад. Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

У Імшы прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, духавенства і вернікі Мінска, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.

 

 

 

“Роўна год таму, позна вечарам, над Сікстынскай капэлай у Ватыкане ўзняўся белы дым – знак таго, што абраны новы Наступнік Пятра, - сказаў на пачатку Імшы, звяртаючыся да ўдзельнікаў, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. – Кардынал Жан-Луі Таран, які ў мінулым годзе ўзначаліў юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе, аб’явіў, што Папам выбралі кардынала Хорхе Марыё Берголіо. Першымі словамі новага Пантыфіка было “добры вечар”, а таксама просьба аб малітве”. “І сёння мы сабраліся тут, каб маліцца”, - дадаў Мітрапаліт.

Арцыпастыр узгадаў, што ў гадавіну свайго абрання Папа Францішак у “Твітэры” таксама папрасіў маліцца за яго. “На яго плячах – клопат аб усім Касцёле, у тым ліку Касцёле ў Беларусі, - адзначыў іерарх. – У свой час Езус сказаў святому Францішку: “Адбудуй Мой Касцёл”. Касцёл заўсёды рэфармуецца, і рэфармавалі яго ўсе Папы”. Па словах Мітрапаліта, “заданні, якія стаяць сёння перад Касцёлам, вельмі важныя, і Папа хоча іх вырашыць, у тым ліку з дапамогай нашай малітвы”.

“Я вельмі хацеў бы перадаць у гэты момант дух Папы Францішка, якога бачыў на мінулым тыдні”, - прызнаўся, звяртаючыся ў гаміліі да сабраных, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Апостальскі Нунцый распавёў, што некалькі дзён таму, уваходзячы ў Дом святой Марты ў Ватыкане, дзе жыве Папа, сустрэў Пантыфіка, які накіроўваўся ў сталовую. Па словах арцыбіскупа, Святы Айцец запытаўся, як справы ў трох новых біскупаў Беларусі, нядаўна прызначаных, а таксама ў Ядвігі Пастэрнак – верніцы з Вілейшчыны, якой Папа напісаў некалькі месяцаў таму. Як сказаў Апостальскі Нунцый, Пантыфік дадаў, што гэтая жанчына – “сімвал і прадстаўнік усіх людзей Беларусі, якія цярпелі за веру”.

Таксама арцыбіскуп падзяліўся з удзельнікамі Імшы, што ў сталовай Дома святой Марты больш не заўважыў стала, за якім раней сядзеў Папа, а замест гэтага ўбачыў, што цяпер Пантыфік сядзіць за сталом, схаваным за калонай. На пытанне, чаму Папа памяняў стол, Святы Айцец адказаў, што не мог там есці, бо ўсе прыходзілі сфатаграфаваць яго.

Апостальскі Нунцый назваў Папу Францішка ў гаміліі “чалавекам, які хоча служыць Хрысту”. “Бог заўсёды знаходзіць людзей, якія вядуць Касцёл да Нябеснага Валадарства, у любы момант, нават калі мы гэтага не разумеем, - адзначыў арцыбіскуп. – Гэтым разам Бог запрасіў такога чалавека з далёкай краіны”. Па словах іерарха, зямля, з якой паходзіць сённяшні Пантыфік, - гэта зямля, на якую прыехалі еўрапейцы, і амаль усе яны былі беднымі; такой была і сям’я Папы, якая прыбыла ў Аргенціну ў пошуках заробку. “Але гэтая зямля мае дар усмешкі, - заўважыў арцыбіскуп. – Гэта зямля, дзе людзі з цяжкасцю шукаюць уласную ідэнтычнасць і магчымасць ёю жыць. Зямля, дзе многія жывуць, не маючы свайго дома, у бараках, без вады, электрычнасці”. І сённяшні Папа, як дадаў Апостальскі Нунцый, у сваю бытнасць біскупам Буэнас-Айрэса “ішоў, каб спатыкаць людзей у найбольш бедных частках горада”.

“Зараз ён як нявольнік гэтай традыцыі і велічы Наступнікаў Пятра”, - працягваў прадстаўнік Пантыфіка. Па словах арцыбіскупа, чалавек, які знаходзіцца ў такой сітуацыі, можа прынесці “голас людзей, якія ніколі не марылі, што асобы іх узроўню будуць стаяць на такой высокай пазіцыі”, “голас тых людзей, якія не маюць голасу”. “Такія людзі маюць годнасць адчуваць сябе Божымі сынамі, - дадаў Апостальскі Нунцый. – І менавіта гэта – глыбокая тоеснасць народаў Лацінскай Амерыкі: іх вера, годнасць быць дзецьмі Божымі”. Гэтая годнасць, як адзначыў іерарх, у тым, каб “адчуваць Божую міласэрнасць, адчуваць, што Бог любіць людзей”, у тым, што Бог блізкі да грэшнікаў, да тых, хто падае ў жыцці пад цяжарам глыбокіх канфліктаў.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што Папа Францішак прыйшоў сказаць перадусім жыхарам Заходняй Еўропы: “Вы выраслі ў матэрыяльнай забяспечанасці, вы шукаеце рацыянальнага вытлумачэння Божым таямніцам. І вы забываецеся, што такое голад. Калі чалавек галодны, у яго ёсць патрэба адчуваць сябе асобай, а не чарвяком. І што іншае, як не позірк Айца, Яго вочы, якія глядзяць на чалавека з любоўю, дазваляюць адчуць сябе асобай?”

Па словах Апостальскага Нунцыя, Папа Францішак кажа: “Як бы я хацеў, каб гэты Касцёл быў Касцёлам бедным і для бедных! Касцёлам, дзе кожны адчувае сябе на першым месцы, дзе няма ні трона, ні апошніх месцаў, але ёсць годнае месца для кожнага”.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што “навіна Папы Францішка – несці Евангелле ва ўсёй яго прастаце”. “Што рабіў бы Езус, калі б мог прайсці па вуліцах гэтага свету? – паставіў пытанне прадстаўнік Святога Айца. – Адказ на гэта – прастата, любоў, жэст любові, а не размова пра любоў”.

Апостальскі Нунцый звярнуў увагу таксама на аспект, які датычыць святароў, нагадаўшы, што яны – “слугі Божага люду”, і пажадаўшы “на самой справе адчуваць, што мы слугі, а не гаспадары”. “Мы чымсьці падобныя да пылу на вуліцы”, -  адзначыў арцыбіскуп, звяртаючыся да духавенства, і дадаў, што “дарога існуе, каб людзі тапталі яе – не для таго, каб зняважыць, а таму, што ў гэтым яе прызначэнне”. “Шмат людзей ідуць той дарогай, якая мае імя Езус, і Ён сам сказаў пра сябе: “Я – дарога”. Мы нічым не большыя за маленькія камяні дарогі, з якіх складаецца Езус”, - нагадаў святарам прадстаўнік Пантыфіка.

Па словах арцыбіскупа, “у Касцёл Папа Францішак прынёс вясну, радасць убачыць сонца”. “Жыхары Лацінскай Амерыкі, як і жыхары Беларусі, вельмі часта былі бітыя, часта на каленях просячы, каб паважалі культуру гэтага народа”, - адзначыў іерарх і дадаў, што “сёння прыходзіць гэты чалавек, апрануты ў белае адзенне, не для таго, каб прапаведваць сябе самога, каб увайсці як кароль, але як той, хто кажа: беларускі народ, падыміся, бо ніхто не мае права забраць у цябе тваю годнасць”. “Папа кажа беларускаму народу: займі сваё месца, - падкрэсліў Апостальскі Нунцый. – Ён кажа: тваё багацце – гэта твая годнасць, і яна ў тым, што Бог цябе любіць. Ідзі і расказвай пра гэта, ідзі і будуй, ідзі і любі. Гэта галоўная навіна”.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падзяліўся з прысутнымі, што Папа Францішак, кажучы пра беларусаў, папрасіў яго: “Ідзі і скажы, што я іх люблю”. Таксама, па словах іерарха, Пантыфік прасіў аб малітве: “Усіх, каго спаткаеш, прасі, каб маліліся за Папу”. “Мы паслухалі, і таму сёння мы тут, каб маліцца за цябе, Францішак, каб Бог падтрымаў цябе на гэтай дарозе, - дадаў Апостальскі Нунцый. – Каб ты адчуваў, што і беларусы разам з табою. І каб у іх сэрцах адгукнулася пачуццё, што Бог іх любіць”.

Анастасія Грышан

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.