Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскай архікатэдры адбылася Імша ў гадавіну яе асвячэння
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.03.2014 23:54

15 сакавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў Імшу ў гадавіну асвячэння архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Касцёл быў асвячаны ў 1710 г.

Звяртаючыся да вернікаў, іерарх нагадаў, што 304 гады таму біскуп Віленскі Казімір Канстанцін Бжастоўскі “асвяціў гэтую святыню на хвалу Божую, каб тут цэлебравалася Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты, каб абвяшчалася вечна жывое і актуальнае слова Божае, каб тут рэалізаваўся Касцёл як Народ Божы”.

Арцыпастыр адзначыў, што гісторыя мінскай архікатэдры была “багатай, складанай і адначасова трагічнай”: пабудаваная як езуіцкі касцёл, потым яна стала катэдрай, перацярпела пажары і перабудовы, яе зачынялі, з яе ўчынілі спартыўную залу. “Але Езус яшчэ раз паказаў, што Ён з’яўляецца Панам гісторыі”, - дадаў арцыбіскуп, нагадаўшы, што намаганнямі кардынала Казіміра Свёнтка, стагоддзе дня нараджэння якога адзначаецца ў гэтым годзе, катэдра была адноўлена і сёння з’яўляецца галоўнай святыняй Мінска-Магілёўскай мітраполіі.

“У розных краінах свету і розных культурах паўсюль ёсць свае храмы, што нагадвае пра тое, што чалавек патрабуе месца, у якім можа спаткаць Бога”, - адзначыў Мітрапаліт.

Разважаючы над Евангеллем другой нядзелі Вялікага посту, якое прадстаўляе Перамяненне Пана на гары Табор, падчас якога Пётр сказаў: “Пане, як добра нам тут быць”, іерарх заўважыў: “Апосталам тады было добра, бо з імі быў Езус. Таксама і нам добра, бо мы знаходзімся ў касцёле, дзе ёсць Езус, якога мы сустракаем у слове Божым, сакрамэнтах і іншай дзейнасці Касцёла”.

Па словах Мітрапаліта, у мінулыя часы касцёл заўсёды быў самым прыгожым будынкам у горадзе ці вёсцы і яго было бачна здалёк: “тут была свая логіка, бо вялікі Бог павінен быў быць у вялікім і прыгожым месцы”. “Сёння таксама, але з той розніцай, што для многіх людзей змяніўся бог, - дадаў арцыпастыр. - Для многіх бог – гэта багацце, прыемнасці, грошы, банкі і гандлёвыя цэнтры. У нас адчуваецца недахоп касцёлаў, а ў многіх краінах іх зачыняюць і перарабляюць у кінатэатры, рэстараны, бары, склады і г.д. Усё гэта вынік секулярызацыі і адыходу ад веры. Высокія дамы і хмарачосы захіляюць касцёлы. Такім чынам будуецца свет без Бога, як калісьці ў Савецкім Саюзе”.

У той жа час, як падкрэсліў іерарх, “заўсёды неабходна памятаць аб тым, што касцёл – гэта месца спаткання чалавека з Богам”: “малы касцёл ці вялікі, прыгожы ці просты, але заўсёды - месца спаткання з Богам, спаткання, якое перамяняе чалавека”.

“Таму мы павінны спытаць сябе, як мы выкарыстоўваем яго. Ці кожную нядзелю і свята спяшаемся сюды? Ці прыходзім маліцца, а можа, толькі пастаяць? Ці выходзім адсюль духоўна перамененыя, а можа, такімі самымі, як зайшлі? – паставіў пытанні арцыбіскуп. - Калі на гэтыя і подобныя пытанні мы не можам адказаць станоўча, то гэта знак крызісу нашай веры”.

Мітрапаліт узгадаў, што згодна з навучаннем св. апостала Паўла “самай важнай святыняй з’яўляецца святыня нашага сэрца”. “Мы павінны быць святынямі Духа Святога. Для гэтага неабходна, каб Бог знайшоў у нашых сэрцах месца”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп адзначыў сімвалізм таго, што сёлета гадавіна асвячэння мінскай архікатэдры святкуецца ў Вялікі пост. Кажучы, што пост – час для духоўнага адраджэння, Мітрапаліт пажадаў, каб гэтая святыня стала “сапраўды месцам новага звароту да Бога, адраджэння і ўмацавання веры, каб мы, жывучы ва ўзаемнай любові, узрасталі ў надзеі на лепшае заўтра і нябесную славу”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.