Прыміцыйная Імша новапрэзбітэра а. Канстанціна Анашкі, марыяніна, прайшла 16 сакавіка ў яго роднай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. На Імшы прысутнічалі вернікі парафіі, родныя і знаёмыя, а таксама браты марыяне, якія падтрымлівалі яго на дарозе да святарства.
Гамілію прамовіў а. Аляксандр Шамрыцкі. Па словах святара, марыяне найбольш звязаны з Беларуссю, а ў канстытуцыі ордэну першым абавязкам з’яўляецца абвяшчэнне Евангелля.
Айцец Аляксандр Шамрыцкі ўзгадаў таксама словы заснавальніка ордэну а. Станіслава Папчынскага: “Святар павінен дастасоўвацца да кожнага чалавека: простага і адукаванага. І ні ў якім разе не трэба ганарыцца адукаванасцю, але славіць Бога”. Благаслаўлёны Юрый Матулевіч, які аднавіў ордэн марыянаў, у дзённіку пісаў: “Я хачу быць анучай, якая вычысціць самыя брудныя куткі ў Касцёле”. Айцец Аляксандр Шамрыцкі разважаў над гэтымі словамі, заўважыўшы, што святар павінен працаваць там, дзе ёсць самая вялікая патрэба.
Айцец Канстанцін Анашка падзякаваў усім, хто раздзяліў з ім асаблівы момант у яго жыцці.
Напрыканцы новапрэзбітэр удзяліў прысутным прыміцыйнае благаслаўленне, усклаўшы рукі на галаву маці, затым святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх вернікаў. Кожны атрымаў абразок з выявай благаслаўлёных марыянаў Юрыя і Антонія, мучанікаў з Росіцы.
Прысутныя павіншавалі прыміцыянта, жадаючы нястомнай моцы і пераадольвання ўсіх цяжкасцяў на святарскім шляху.
Паводле catholicnews.by
(AG)
   Фота catholicnews.by
|