Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча Трэцяга Ордэну кармэлітаў босых прайшла ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.03.2014 10:35

15 сакавіка ў парафіі Божага Цела ў Мінску адбылася сустрэча Трэцяга Ордэну кармэлітаў босых. Згодна з Канстытуцыяй супольнасці, свецкія кармэліты надалі свайму ордэну імя святога Юзафа – магутнага абаронца Касцёла.

Злучаючыся ў малітве з усім Касцёлам, удзельнікі прамовілі Літургію гадзін, трывалі ў малітоўнай цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, разважалі над стацыямі Крыжовага шляху.  
 
Канферэнцыя, падрыхтаваная айцом Сяргеем Трысценем, была прысвечана тэме духоўнага кіраўніцтва. Святар нагадаў удзельнікам этапы духоўнага жыцця, на якім сустракаюцца так званыя цёмныя ночы, перыяд ачышчэння. Як адзначалася, сам чалавек не зможа прайсці праз гэтае выпрабаванне, таму на шляху духоўнага развіцця патрэбны духоўны кіраўнік, які суправаджае душу ў гэтым накірунку, ідзе побач, сваім вопытам, парадамі дапамагае чалавеку развіваць унутранае жыццё.

Святар патлумачыў, што духоўнае кіраўніцтва адрозніваецца ад споведзі, дазваляючы чалавеку не толькі дакрануцца да праўды аб сваіх грахах, але і сягнуць да каранёў гэтага зла.

Удзельнікі сустрэчы даведаліся, што навука аб духоўным кіраўніцтве бярэ пачатак у Святым Пісанні: у Старым Запавеце гаворыцца пра пасланні прарокаў і патрыярхаў - Майсея, Іллі, Ераміі, Давіда, - якія прамаўлялі ад імя Бога і прадстаўлялі народ перад Богам, а Новы Запавет прадстаўляе поўны фармацыйны працэс, які Езус Хрыстус ажыццяўляе ў дачыненні да апосталаў, вучняў, і тых, каго сустракае. Як было адзначана, Езус паказвае прыклад духоўнага кіраўніцтва, дапамагае знайсці дарогу да Бога. У пасланнях апостала Паўла таксама знаходзяцца розныя парады, якія датычаць учынкаў хрысціяніна на шляху да святасці. Шмат прыкладаў духоўнага кіраўніцтва прысутнічае ў Айцоў Касцёла - напрыклад, святы Базыль казаў: "Прыкладзіце ўсе намаганні і вялікую разважлівасць, каб знайсці чалавека, які б мог быць вашым духоўным кіраўніком, дасведчанага ў асвячальнай працы. Выберыце такога, які б мог паказаць душам добрай волі простую дарогу да Бога". Вельмі багатая навука аб духоўным кіраўніцтве ёсць у святых Кармэлю: святой Тэрэзы ад Езуса, святога Яна ад Крыжа.

Падчас канферэнцыі прысутныя даведаліся, якія якасці павінны быць у духоўнага кіраўніка, якая яго роля ў гэтым кіраўніцтве, які спіс яго абавязкаў. Было адзначана, што паколькі духоўнае кіраўніцтва з'яўляецца формай адносінаў, пэнітэнт не застаецца пасіўным у гэтых стасунках, а давер з'яўляецца адным з найважнейшых фактараў, які дазваляе рашыцца на духоўнае кіраўніцтва. Падкрэслівалася, што вынікам даверу ёсць шчырасць і адкрытасць на духоўнага кіраўніка, паслухмянасць да кіраўніка з'яўляецца вельмі важнай якасцю для выхавання пакоры, аднак не выключае ўласнага меркавання, а ў пэнітэнта павінна быць жаданне развіваць свае духоўнае жыццё, а таксама трываласць, стрыманасць, звышнатуральную любоў у стасунках да духоўнага спадарожніка.

У час, адведзены на арганізацыйныя справы, члены свецкага Ордэну, між іншым, склалі матэрыяльную ахвяру на рэканструкцыю Крыжовай Кальварыі ў Мядзелі.

Заканчэннем сустрэчы стала Імша. У гаміліі святар разважаў аб пытаннях, якія ставіць перад сабой чалавек і якія знайшлі адлюстраванне ў Канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору "Gаudium et spes".

Ірына Шыцікава OCDS

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.