Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на Звеставанне Пана: «так» Богу – ключ да вырашэння нашых праблем і да дасягнення шчасця
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.03.2014 20:23

Увечары 25 сакавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Імшу ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты дзень Касцёл адзначае ўрачыстасць Звеставання Пана.

У гаміліі іерарх падкрэсліў ключавое значэнне Звеставання Пана ў дзеях збаўлення чалавецтва з грахоўнага рабству. Як адзначыў арцыбіскуп, “чалавецтва доўга чакала спаўнення абяцання Бога Айца аб збаўленні”, і “калі настала поўня часу, Бог паслаў у гэты свет свайго Адзінароднага Сына, які стаўся чалавекам для нас і нашага збаўлення”.

Выключную ролю ў гэтым працэсе, па словах Мітрапаліта, адыграла Панна Марыя, якая прыняла Божую волю. “Яе “так” Богу – гэта ключ да разумення таямніцы Богаўцелаўлення і ідучага за ім збаўлення чалавецтва. “Так” Богу – гэта таксама ключ да вырашэння нашых праблем і да дасягнення шчасця ў гэтым жыцці і ў вечнасці”, - падкрэсліў арцыпастыр.

“Згода Марыі з Божай воляй заклікае нас да адказу на пытанне: а як з намі і з нашым жыццём? Згаджаемся мы з воляй нашага Створцы ці не? Ад адказу на гэтае пытанне залежыць наш лёс, - звярнуў увагу іерарх. - Сучасны чалавек знаходзіць масу прычын, каб толькі знайсці лазейку і апраўдаць свае нязгодные з Божай воляй учынкі. Ён кажа, што насталі іншыя часы, што ўсё больш людзей не зважае на Божы закон, што ўсе імкнуцца да аўтаноміі і свабоды чыніць усё, чаго пажадаюць, таму сёння Божы закон ужо не актуальны. На такія прапановы неабходна задацца пытаннем: а ці дзейнічаюць сёння ўстаноўленыя Творцам законы прыроды? Так, яны дзейнічаюць, бо спроба іх змены прывядзе да катастрофы, і мы бачым, як, напрыклад, у розных краінах свету ўсё больш і больш адчуваюцца экалагічныя катастрофы. Падобна і ў духоўным жыцці”.

“Сёння ўвесь цывілізаваны свет б’е ў набат з-за дэмаграфічнага крызісу. Але адкуль ён узяўся? Яго прычына – гэта незахаванне Божай запаведзі “не забівай” і таксама нежаданне мець дзяцей з-за імкнення жыць толькі ў сваё задавальненне”, - дадаў арцыбіскуп.

“Мы ўздрыгваем, калі чуем евангельскі аповед, як Ірад забіваў бэтлеемскіх немаўлятак, і пытаемся: “Як гэта было магчыма?” Але ў той жа час у найлепшых медыцынскіх кабінетах свету кожны год забіваецца каля 50 мільёнаў ненароджаных дзяцей. У многіх краінах свету прыняты законы аб эўтаназіі, і не толькі старых і невылечна хворых людзей, але таксама і дзяцей, - адзначыў Мітрапаліт. - Не ва ўсіх краінах адменена смяротнае пакаранне, у тым ліку і ў Беларусі”. “Касцёл заўсёды выступаў і выступае за забарону смяротнага пакарання, бо жыццё – гэта самы вялікі і каштоўны Божы дар. Бог яго дае, і толькі Ён можа яго адабраць. Таму неабходна бараніць жыццё ад зачацця да натуральнай смерці і адмяніць смяротнае пакаранне”, - заўважыў іерарх.

Па словах арцыпастыра, “Звеставанне Пана – гэта таксама свята жыцця”, “Марыя прыняла гэтае Зветаванне і такім чынам нарадзіла Збаўцу свету”.

Мітрапаліт нагадаў, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў гэты дзень штогод праводзіць акцыю духоўнага ўсынаўлення ненароджаных дзяцей з мэтай падкрэсліць сярод людзей маштаб праблемы і заахвоціць маліцца ў інтэнцыі абароны жыцця.

Арцыбіскуп заклікаў прысутных па прыкладу Марыі заўсёды згаджацца з Божай воляй і бараніць жыццё. Перафразуючы словы благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, іерарх пажадаў: “Беларусь, калі хочаш быць вялікай, барані жыццё”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.