У Барысаве адбылася прыміцыйная Імша а. Вадзіма Мізера |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
26.03.2014 10:42 |
24 сакавіка ў барысаўскім касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася прыміцыйная Імша айца марыяніна Вадзіма Мізера. Святар атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне 8 сакавіка ў Оршы.
Гамілію прамовіў кс. Павел Кнурэк, які праводзіў у парафіі рэкалекцыі, на працягу якіх казаў пра любоў Бога да чалавека, чалавека да Бога і да бліжніх.
Маладыя вернікі прачыталі малітву за а. Вадзіма Мізера, падрыхтаваную імі.
Напрыканцы Імшы вернікі звярнуліся да новапрэзбітэра з віншаваннямі і ўручылі яму падарункі. Святара павіншавалі самыя маленькія дзеці, якія ўручылі яму цягнік, зроблены з картона, са сваімі фотаздымкамі; старэйшыя дзеці, якія падарылі малюнак барысаўскага касцёла; моладзь; барысаўскія скаўты, якія ўручылі а. Вадзіму Мізеру заплечнік - каб у кожнай вандроўцы яму было добра і каб ён не забыў пра Барысаў; апостальскі рух “Маргарытка”.
Святар запрасіў усіх прысутных на пляцоўку каля касцёла, дзе іх чакаў пачастунак. На заканчэнне новапрэзбітэр удзяліў кожнаму благаслаўленне. Паводле catholicnews.by
(AG) Фота catholicnews.by
|