Вясновыя канікулы для дзяцей былі арганізаваны ў мінскім араторыі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
03.04.2014 15:48 |
У араторыі імя св. Яна Боско пры мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля былі арганізаваны вясновыя канікулы для дзяцей, якія працягваліся тыдзень. Разам з законнай сястрой Люцыяй, аніматарамі і памочнікамі аніматараў дзеці разважалі ў ходзе канікул над тэмай “Давід – Божы выбраннік”. Штодзень дзеці ўдзельнічалі ў Імшы, разам маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці. Каб яны маглі ўпоўні пазнаць гісторыю цара Давіда, на кожны дзень быў падрыхтаваны відэаматэрыял – урывак з мультфільма, пасля прагляду якога дзяцей чакалі цікавыя заданні. Праз тэатральныя пастаноўкі кожны мог адчуць сябе пастухом, як Давід, які ў дзяцінстве пасвіў авечак. Пасля прагляду наступных частак мультфільма пра Давіда, які стаў абаронцам і ваяром, дзеці актыўна прымалі ўдзел у працы па групах, вынікам чаго стала віктарына, дзе каманды рыхтавалі пытанні для супернікаў, адказвалі на іх, зараблялі балы і разважалі над тым, як просты чалавек з добрым і пакорным сэрцам, які вельмі любіць Бога, змог стаць вялікім царом і Божым выбраннікам. Паводле sdb.by (AG) |