У парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі пачынаюць аднаўляць “Беларускую кальварыю” – 14 капліц, якія сімвалізуюць Крыжовы шлях Езуса Хрыста. Гэта духоўная і культурная каштоўнасць, якіх некалькі ў свеце, а ў Беларусі яна адзіная.
Па словах брата Андрэя Журко з мядзельскай парафіі, гісторыя “Беларускай кальварыі” пачалася яшчэ ў XVIII ст.: “Першую Кальварыю айцы пабудавалі ў XVIII ст. У Польшчы ёсць такая Забжыдоўская Кальварыя, ёсць у Ерузалеме Крыжовы шлях – гэткі ж Крыжовы шлях пабудавалі і тут, у Мядзелі. Гэта было прыблізна 27 капліц, з дапамогай якіх – як і ў кожным касцёле – была паказана мука Хрыста. Толькі гэта было выяўлена ў капліцах, якія пачыналіся ад касцёла і выходзілі за мястэчка Мядзель. Але пасля Лістападаўскага паўстання гэтыя капліцы знішчылі, айцы таксама адгэтуль выехалі. Але пазней, у ХІХ ст., айцы вярнуліся сюды і наноў адбудавалі Крыжовы шлях, але капліц было ўжо крыху менш, чым першы раз”. Пасля вайны гэтая кальварыя была знішчана, а касцёл закрыты.
Паводле брата Андрэя Журко, адпаведна распрацаванаму праекту адноўленая “Беларуская кальварыя” будзе пачынацца ўваходнай “Брамай прабачэння” і складацца з 14 капліц памерам тры на два з паловай метры. Цэгла, камень і дрэва – асноўныя матэрыялы, з якіх будуць вырабленыя капліцы і выявы Крыжовага шляху. Размесцяцца яны на тэрыторыі двух кіламетраў у ваколіцы Мядзеля і павінны стаць візітоўкай горада.
Мясцовыя ўлады выдзелілі зямлю. Будаўніцтва распачнецца на ахвяраванні парафіян і дабрачынцаў. “Калісьці яна была вельмі слынная – Кальварыя, - адзначае брат Андрэй Журко. - Шмат людзей збіралася, з Вільні прыходзілі пілігрымы. А ў 1995 г. ізноў аднавіўся гэты культ Кальварыі – людзі самі сталі збірацца і паставілі крыжы ў гэтых месцах. І ад 1995 г. людзі збіраюцца двойчы на год, таксама прыходзяць пілігрымы. І мы, айцы кармэліты, адчуваем такую патрэбу, што Кальварыя павінна аднавіцца. І таму вось у гэтых месцах, дзе зараз стаяць крыжы, і будзем будаваць новыя капліцы. Таксама ёсць гара Трох крыжоў – з яе бачныя прыгожыя краявіды Нарачы, Мядзельскага возера. На гэтай гары маем вялікі палявы алтар, дзе цэлебруем Імшу падчас урачыстасцяў. Будзем таксама аднаўляць гэтыя крыжы – паставім адзін вялікі крыж вышынёю 9 метраў і два меншыя, каб аднавіць гэтую Крыжовую гару”.
“Беларускую кальварыю” у Мядзелі аднаўляюць кармэліты босыя, духоўна іх намаганні падтрымліваюць таксама іншыя святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Будаўніцтва “Беларускай кальварыі” распачнецца ў маі, а завершыцца ўжо восенню. 14 верасня – у свята Узвышэння Святога Крыжа – плануецца асвяціць адноўлены Крыжовы шлях Езуса Хрыста, прымеркаваўшы ўрачыстасць да 260-годдзя мядзельскага касцёла Маці Божай Шкаплернай. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|