Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Вілейцы адбылося аднаўленне святых місій |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
07.04.2014 10:49 |
У 2013 г. вілейскі касцёл Узвышэння Святога Крыжа адзначаў 100-гадовы юбілей, і гэтай нагоды з 3 па 10 сакавіка мінулага года праходзілі парафіяльныя місіі. 3-6 красавіка 2014 г. адбывалася аднаўленне місій. У парафію зноў завіталі айцы місіянеры Дзмітрый Занямонскі з Мінска і Анджэй Юхневіч з Шуміліна. У парафію зноў завіталі айцы місіянеры Дзмітрый Занямонскі з Мінска і Анджэй Юхневіч з Шуміліна.Парафіяльныя місіі лічацца часам Божай ласкі, якая дапамагае выправіць і адбудаваць у людзях і вакол тое, што было знішчана грахом, занядбана праз абыякавасць альбо духоўную ляноту; часам навяртання да Бога, часам змены жыцця і духоўнага ўзбагачэння, часам умацавання веры і вяртання да супольнасці Касцёла. Благаслаўлёны Папа Ян Павел ІІ называў парафіяльныя місіі “незаменным сродкам інтэнсіўнай адновы хрысціянскага жыцця”. Тэмай першага дня аднаўлення місій у Вілейцы стала навука любові і сапраўднай свабоды. Адбыўся ўрачысты ўвод місіянераў у святыню з табліцамі Божых запаведзяў, перад чым пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла нагадаў вернікам пра вандроўку Выбранага народа ў Абяцаную Зямлю, аб’яўленне Богам свайго Закона праз Майсея, а таксама нагадаў, аб чым прамовіў Бог у запаведзях. Тэмай другога дня стаў грэх як “парушэнне запавету”. Разам з айцом Дзмітрыем Занямонскім парафіяне разважалі над тым, што з’яўляецца корнем граху, з чаго пачынаецца грахоўнасць, ці можа грэшны чалавек быць шчаслівым; пра тое, што ўсе людзі грэшныя, але галоўнае – верыць у Божую міласэрнасць, а ў сакрамэнце пакаяння вернікі прыходзяць да Таго, хто іх любіць і радуецца вяртанню да Яго. Перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам адбылося набажэнства з рахункам сумлення, падчас якога парафіяне рыхтаваліся да споведзі. У гэты ж дзень айцы місіянеры наведалі хворых і састарэлых, якія такім чынам маглі паспавядацца і прыняць Святую Камунію. На заканчэнне дня адбыўся Крыжовы шлях па вуліцах горада ў інтэнцыі мучанікаў ХХI стагоддзя. Тэмай трэцяга дня стала першая запаведзь любові: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім”. Вернікам нагадвалася, што Бог першы палюбіў іх, заўсёды першы выходзіць насустрач і чакае любові чалавека, а любіць Бога - гэта перш за ўсё мець для Яго час, што з’яўляецца найпрасцейшым, найбольш бачным выразам любові да Яго. Вілейскія католікі шукалі адказы на пытанні, якое месца ў іх жыцці займае Бог, цяжка ці лёгка Яго любіць, ці здольныя людзі ўвогуле палюбіць Яго. Гэты дзень быў таксама днём споведзі, да якой парафіяне рыхтаваліся напярэдадні падчас набажэнства з рахункам сумлення, і да сакрамэнту пакаяння прыступіла шмат вернікаў. Тэмай апошняга дня была другая запаведзь любові: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”. Айцец Анджэй Юхневіч прыгадаў, што запаведзі Бога - гэта адзін “дакумент”, яны дапаўняюць адна другую, і немагчыма выконваць запаведзі любові Бога, маючы нянавісць у сэрцы да бліжняга. Было прыведзена шмат жыццёвых прыкладаў рэалізацыі любові да бліжняга. На заканчэнне адбылося аднаўленне запавету з Богам пад місійным крыжом, а пасля - індывідуальнае ўшанаванне крыжа вернікамі. Паводле vilejka.by (AG)
Фота vilejka.by
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.